Міністр нацабароны Літвы: Ніякіх ваенных пагроз Беларусі з боку Захаду няма
Ваенных ці іншых пагрозаў суверэнітэту Беларусі з боку Захаду няма, заявіў міністр нацыянальнай абароны Літвы Раймундас Каробліс. Яго выказванні апублікаваныя 23 кастрычніка на сайце літоўскага ваеннага ведамства.
Фота
Напярэдадні дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка даручыў Савету бяспекі і Міністэрству абароны ўнесці прапановы па мерах рэагавання на дзеянні, звязаныя з размяшчэннем у Літве ля мяжы з Беларуссю ваеннай тэхнікі і вайскоўцаў арміі ЗША.
„Літва непасрэдна зацікаўленая ў захаванні незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, а таксама ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, — адзначыў Каробліс. — Таму я магу запэўніць вас, што няма ніякіх ваенных ці іншых пагрозаў суверэнітэту Беларусі, прынамсі, з боку Захаду. Да вясны [2020 года] колькасць дыслакаванага ў Літве [амерыканскага] батальёна не можа ўяўляць пагрозу для бяспекі Беларусі, таму мы сапраўды спадзяемся, што беларуская рэакцыя будзе адэкватнай”.
Літоўскі міністр падкрэсліў, што ратацыя сіл НАТА, у тым ліку ЗША, у Балтыйскім рэгіёне з’яўляецца „звычайнай практыкай, асабліва пасля 2014 года”. „Такія ратацыі адбываліся ў мінулым і будуць працягвацца ў будучыні. Мы лічым, што гэта з’яўляецца важным стрымальным фактарам для бяспекі ў нашым рэгіёне”, — растлумачыў ён.
Каробліс звярнуў увагу на тое, што перад прыбыццём амерыканскіх войскаў у Літву Міністэрства нацабароны і ЗША „загадзя падалі падрабязную інфармацыю аб прыбыцці батальёна: час прыбыцця, узбраенне і рыштунак, меркаваную працягласць знаходжання”. „Мы плануем працягнуць гэтую палітыку адкрытасці ў будучыні. Мы чакаем таго ж ад нашых суседзяў”, — адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства.
Ён прызнаў, што ў апошнія гады інтэнсіўнасць ваенных вучэнняў НАТА па абароне Балтыйскага рэгіёну ўзрасла, але падкрэсліў, што „беларускаму боку вядомыя прычыны таго, чаму гэта адбываецца”, што яны „не маюць ніякага дачынення да Беларусі і не накіраваныя супраць яе”.
Міністр таксама адзначыў, што інфармацыя аб шырокамаштабных манеўрах НАТА Defender Europe 20, запланаваных на вясну наступнага года, „ужо была апублікаваная, і па меры набліжэння даты вучэнняў будзе даступна больш інфармацыі”.
Ён запэўніў, што „ў імя адкрытасці і ўмацавання даверу” Літва запросіць назіральнікаў з усіх суседніх краін, у тым ліку з Беларусі і Расеі. „Мы спадзяемся, што беларускі бок скарыстаецца гэтай магчымасцю ў наступным годзе”, — сказаў Каробліс.
Увечары 22 кастрычніка ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў, што Беларусь негатыўна ацэньвае факт размяшчэння вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі танкавага батальёна войскаў ЗША на літоўскім палігоне Пабрадэ — за 15 км ад літоўска-беларускай мяжы.
„Чаму мы ацэньваем гэты факт негатыўна? Таму што ў гэтай сітуацыі нельга быць проста назіральнікам. У любой краіне прапрацоўваюцца меры ў адказ. І кіраўнік дзяржавы паставіў задачу Дзяржсакратарыяту і Міністэрству абароны ўнесці прапановы па рэагаванні на гэты факт”, — расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі. Паводле яго слоў, прапановы будуць прадстаўленыя Лукашэнку на пачатку наступнага тыдня.
Таксама Зась пракаментаваў насцярожанасць Беларусі з нагоды маючых адбыцца вучэнняў НАТО Defender Europe 20, звязаўшы яе з тым, што падчас гэтых манеўраў плануецца адпрацаваць пытанні перакідвання войскаў з тэрыторыі ЗША на еўрапейскі кантынент.
„Рэакцыя нашага галоўнакамандуючага, прэзідэнта Беларусі на гэтыя вучэнні не нейкая асаблівая, — зазначыў ён. — Яна роўная і адэкватная тым падзеям, якія намячаюцца ў наступным годзе. Гэта адны з самых буйных вучэнняў за апошнія 25 гадоў. У іх возьмуць удзел каля 40 тысяч ваенных з 18 краін — членаў НАТА. І прытым каля паловы гэтых ваеннаслужачых — з ЗША”.
У канцы верасня прэс-служба Міністэрства нацабароны Літвы паведаміла, што ў рамках аперацыі арміі ЗША ў Еўропе „Атлантычная рашучасць” у Літву прыбудуць больш за 500 ваеннаслужачых 1-га танкавага батальёна 9-га палка 1-й дывізіі арміі ЗША, а таксама 30 танкаў „Абрамс”, 25 баявых машын пяхоты „Брэдлі”, 70 колавых транспартных сродкаў.
У пачатку гэтага тыдня літоўскае ваеннае ведамства адрапартавала, што частка ваенных і цяжкай тэхнікі ўжо на тэрыторыі краіны.
Падраздзяленні сухапутных войскаў ЗША на ратацыйнай аснове служаць на тэрыторыі краін Балтыі і Усходняй Еўропы ў цэлым з вясны 2014 года ў рамках аперацыі „Атлантычная рашучасць”. Такім чынам ЗША дэманструюць саюзнікам па НАТО прыхільнасць „калектыўнай абароне і справе забеспячэння бяспекі пасля расійскай агрэсіі ва Украіне”.
Вучэнні НАТА Defender Europe 20 пройдуць вясной 2020 года на тэрыторыі 10 дзяржаў Еўрасаюза. У паведамленні на сайце арміі ЗША ў Еўропе гаворыцца, што амерыканскія войскі і тэхніка будуць знаходзіцца на гэтым кантыненце з лютага па ліпень 2020 года, самі манеўры плануецца правесці ў красавіку і маі. Чакаецца, што ў іх возьме ўдзел кантынгент 18 краін. У манеўрах плануецца задзейнічаць каля 37 тыс. ваеннаслужачых НАТА і краін-партнёраў, у тым ліку 20 тыс. амерыканскіх салдат.
belapan.by
