Прэм'ера! Дакументальны фільм пра Міхаіла Фінберга
21 лютага народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг мог бы адзначыць 75-годдзе. Памяці маэстра, які шмат гадоў быў у авангардзе акадэмічнай і эстраднай музыкі, мы прысвячаем прэм’еру – дакументальны фільм «Імправізацыя».
Мазыр, 1947 год. У беднай яўрэйскай сям’і рабочага і прачкі нараджаецца пятае дзіця – Міша. Пасляваенная разруха вымушае пару Фінбергаў зводзіць канцы з канцамі, але гэта не перашкаджае маленькаму хлопчыку займацца музыкай. Насуперак бацькоўскаму неразуменню вечары навылёт проста на вуліцы ён грае то на скрыпцы, то на альце, то на баяне, то на трамбоне. Міша яшчэ не ведае, што з гэтых экспромтаў пачынаецца зорны шлях.
Разам з сябрамі і калегамі, аднакурснікамі і вучнямі Міхаіла Фінберга мы складзём яго жыццяпіс. Аўтары фільма «Імправізацыя» прагуляюцца па вуліцы, дзе знаходзілася бацькоўская хата, пагартаюць школьны журнал 1954 года з адзнакамі артыста. А яшчэ адшукаюць унікальныя запісы тых часоў, калі маэстра працаваў у цыркавым аркестры, узгадаюць першыя тэлепраграмы, фестывалі і гастролі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, створанага Міхаілам Якаўлевічам. Таксама мы распавядзём, як джазмены Эдзі Рознер, Барыс Райскі і Дзюк Элінгтан паўплывалі на дырыжора ў маладосці.
«У Мінску, Мазыры, Віцебску і Маладзечне каманда тэлеканала сабрала мноства дзіўных, а галоўнае, жывых успамінаў. Усяго мы запісалі 17 інтэрв’ю на 700 хвілін. Іх хапіла б на паўнавартасны цыкл фільмаў! Настолькі вялікая і самабытная фігура прафесара, – распавядае сцэнарыст карціны Надзея Габец. – Пашчасціла сустрэцца з гісторыкам музыкі Вольгай Дадзіёмавай, што вывучала еўрапейскія архівы і па сціплых фрагментах нотных запісаў аднаўляла спадчыну беларускіх кампазітараў мінулага. Дзякуючы яе напрацоўкам, сёння мы слухаем класікаў у выкананні калектыву Міхаіла Фінберга. Рэжысёр Павел Быкаў у 70-я гады працаваў у мінскім цырку. Ён падзяліўся кранальнымі і нават смешнымі закуліснымі гісторыямі. Напрыклад, з якімі намаганнямі Міхаіл Якаўлевіч, учарашні выпускнік кансерваторыі, у свае дваццаць тры здолеў знайсці кантакт з няпростымі музыкантамі цыркавога аркестра, удвая старэйшымі за яго, як маэстра працаваў са знакамітымі клоўнамі Нікуліным, Паповым ды Карандашом і чаму месяц не мог адмыць рукі ад новага кажуха».
Прэм’ера стужкі «Імправізацыя» адбудзецца на нашым тэлеканале 26 лютага а 21:05. Затым пакажам канцэрт-прысвячэнне Міхаілу Фінбергу «Асоба і аркестр» да 75-годдзя дырыжора і 35-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра.
У дзень нараджэння народнага артыста, 21 лютага а 18:30, у праекце «Майстры і куміры» глядзіце адно з апошніх вялікіх інтэрв’ю Міхаіла Якаўлевіча. А адразу пасля – канцэртную праграму «Прысвячэнне Маэстра» з фестывалю «Мінскі джаз».