Пісаў пра літаратуру і пра час
Беларускаму празаіку, публіцысту і літаратуразнаўцу Алесю Адамовічу 3 верасня споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння.
Artykuł Пісаў пра літаратуру і пра час pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларускаму празаіку, публіцысту і літаратуразнаўцу Алесю Адамовічу 3 верасня споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння.
Родам пісьменнік быў з вёскі Канюхі Капыльскага раёна Менскай вобласці, дзе нарадзіўся ў сям’і служачых.
З 1928 года сям’я пражывала ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. З 1942 года ён, вучань сярэдняй школы, сувязны, з 1943 года – баец партызанскага атрада імя Кірава Менскага злучэння. У 1944-1945 гадах – студэнт Ленінагорскага горна-металургічнага тэхнікума (Алтайскі край). У 1945-1950 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце і працаваў там на кафедры беларускай літаратуры. Быў загадчыкам сектара літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1962-1966 гадах вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, а потым выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. З 1966 года зноў працаваў у Інстытуце літаратуры.
У 1982 годзе Алесь Адамовіч у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 года з’яўляўся дырэктарам навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве, член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 года і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Як крытык і літаратуразнавец Алесь Адамовіч выступаў у друку з 1950 года. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар навуковых прац «Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага» (1958), «Культура творчасці» (1959), «Беларускі раман» (1961), «Становленне жанра: Белорусский роман» (Масква, 1964), «Маштабнасць прозы» (1972), «Горизонты белорусской прозы» (Масква, 1974), «Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), «Кузьма Чорный: Уроки творчества» (Масква, 1977), «Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек» (1978, даклад на VIII Міжнародны з’езд славістаў), «Літаратура, мы і час» (1979), «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (1980), «О современной военной прозе» (Масква, 1981), «Война и деревня в современной литературе» (1982), альбома «Сказ пра Івана Мележа» (1984), брашуры «Литература и проблемы века» (Масква, 1986), кніг літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Выбери – жизнь» (1986), «Ничего важнее» (Масква, 1985), «Додумывать до конца» (Масква, 1988), «Отвоевались!» (Масква, 1990) і г.д.
Выйшлі з друку раман «Война под крышами» (1960), які разам з раманам «Сыновья уходят в бой» склалі дылогію «Партизаны» (1963, па сцэнарыю пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія, 1970), «Хатынская аповесць» (Масква, 1972; на беларускай мове ў 1976, інсцэніравана ў 1977), аповесці «Асия. Последний отпуск» (1975), «Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев» (1981), «Последняя пастораль» (часопіс «Новый мир», 1986). У 1985 г. на кінастудыі «Мосфильм» пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм «Иди и смотри» (сцэнарый Алеся Адамовіча і Элема Клімава, апублікаваны ў 1986 годзе, у аснову якога пакладзены «Хатынская аповесць» і «Каратели…»). Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985), узнагароджаны залатым прызам.
Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1976) – за «Хатынскую аповесць».
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Пісаў пра літаратуру і пра час pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.