Цана незалежнасці – палітычныя вязні (3)
Тыдзень таму ў гэтым месцы закрануў я вельмі балючую і гарачую тэму абсалютна заніжанай колькасці беларускіх палітычных вязняў, прызнаваных незалежнымі праваабарончымі арганізацыямі. Лік пад тысячу трыста такіх асоб, аб’яўленых імі самімі, не адпавядае рэчаіснасці, у якой апынуліся ахвяры лукашэнкаўскай сістэмы ў Беларусі. Мяркуючы па маштабе рэпрэсій цягам толькі апошніх двух гадоў, у кожным абласным горадзе пацярпелых ад адміністрацыйна-крымінальных прысудаў за сваю грамадзянскую, дэмакратычную пазіцыю значна больш за агучваныя сістэматычна статыстычныя даныя праваабаронцаў. Іхняя насцярожанасць да віду пакаранняў і абгрунтоўванне іх на аснове вынесеных рэжымнымі службамі абвінаваўчых пратаколах само па сабе не павінна мець працэдурнага месца. Бо ж чаму тады ў такой колькасці канвеерам абвінавачваюць зараз амаль усіх у экстрэмізме, распальванні нацыянальнай варожасці, тэрарызме? А самі праваабаронцы забываюць, што менавіта тыя на іхняй навамове экстрэмалы і тэрарысты дабіваюцца таго, каб яны, як непрызнаныя рэжымам арганізацыі, маглі свабодна вярнуцца ў Беларусь і на радзіме бесперашкодна выконваць свае функцыі і праваабарончыя абавязкі.
Таму, калі чую з боку некаторых высокапастаўленых праваабаронцаў і маладых функцыянераў заявы, што яны не займаюцца палітыкай, то гэта ўжо і грэх, і смех праз слёзы. Палітыка Пуціна і Лукашэнкі даўно занялася ўжо вамі, чаго доказам з’яўляецца колькасць праваабаронцаў у турмах і тых на волі з крымінальнымі абвінавачваннямі, якія чакаюць завяршэння следчых дзеянняў. Не толькі журналісты, палітыкі, але звычайныя прыхільнікі дэмакратычных перамен памятаюць, як з дня на дзень вы аб’яўлялі сваіх сяброў палітычнымі вязнямі, не чакаючы вынікаў следстваў, пратаколаў, тлумачэнняў. І так трэба было. Толькі каб быць сумленнымі, абавязкова хутка і станоўча ад жнівеньскіх выбараў 2020 года трэба было прымаць рашэнні па іншых справах, якія ідуць у дзясяткі тысяч ахвяр.
Мне самому не раз і не два прыходзілася слухаць ад польскіх і еўрапейскіх палітыкаў, ад міжнародных журналістаў, што ў Беларусі сітуацыя не такая зусім дрэнная, як я гавару, бо там няма нават…. паўтары тысячы палітвязняў. У параўнанні з праблемамі ўкраінскай вайны лукашэнкаўскі тэрор не такі страшны і, мабыць, я перабольшваю. На мае аргументы супраць іхніх поглядаў, яны спакойна адказвалі: «Але ж мы прыводзім даныя незалежных, беларускіх праваабаронцаў». І тады неяк ізноў можна пачынаць гаварыць і гандляваць палітвязнямі з Лукашэнкам наконт стабільнай будучыні. Канец і кропка. У такой сітуацыі не быў бы я здзіўленым, калі б у незалежнай Беларусі дзясяткі тысяч зняволеных і пакараных за свае грамадзянскія і дэмакратычныя пазіцыі звярнуліся ў суды з іскам на праваабарончыя арганізацыі, якія не прызнавалі іх палітычнымі вязнямі. Мабыць, гэта з майго боку журналісцкае перабольшанне, але лепей гэта напісаць, а не замоўчваць спраў, пра якія гаворыцца штораз часцей. І баліць вельмі моцна, што будаваны гадамі аўтарытэт праваабарончага руху зараз пачынае гразнуць і паказваць сваю неадэкватнасць да падзей, што маюць месца.
Такім чынам людзі, якія хочуць дэмакратыі, свабоды, незалежнасці раптам не ўпісваюцца ў зусім адстаючыя ад рэальнасці патрабаванні праваабарончых бюракратаў, тых міжнароднага рангу і мясцовага паходжання. Няхай перасцярогай перад такой дзейнасцю і такім успрыманнем сітуацыі ў Беларусі будзе кашмарны рапарт Амнэсты Інтэрнэшэнал наконт украінскай вайны і вайскоўцаў, што абараняюць і паміраюць за кожны кусок зямлі незалежнай Украіны. І вось яны вінаватыя ў тым, што апынуліся з выклікам змагання на смерць і жыццё з расейскім агрэсарам, які адкрыта заклікае да палітычнага і фізічнага генацыду суседняй дзяржавы і народа. Зняслаўленне гэтай справай разлілося шырока па ўсім свеце і паказала адарванасць такой дэградаванай, звышнацыянальнай карпарацыі ад рэальнасці і цаны жыцця і смерці. У выпадку беларускіх праваабаронцаў за іхнюю няспешнасць працэс грамадскага гневу супраць іхняй бюракратычнай выгады ўсё мацней і мацней будзе патрабаваць змен.
Яўген Вапа
Artykuł Цана незалежнасці – палітычныя вязні (3) pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.