19 кастрычніка 1984 года быў забіты каталіцкі святар Ежы Папялушка
Ежы Папялушка - польскі каталіцкі святар, звязаны з «Салідарнасцю», Капелян працоўных, які быў забіты службамі бяспекі (польскі аналаг КДБ).
Artykuł 19 кастрычніка 1984 года быў забіты каталіцкі святар Ежы Папялушка pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Ежы Папялушка – польскі каталіцкі святар, звязаны з легендарнай «Салідарнасцю», Капелян працоўных, які быў забіты службамі бяспекі (польскі аналаг КДБ).
Аглядаючыся на тыя падзеі, прыходзяць на думку паралелі сучаснай РБ з Польшчай 80-х, дзе «nieznani sprawcy» кашмарылі нелаяльных да камуністычнага рэжыму каталіцкіх святароў. Благаслаўлёнаму Ежы Папялушку таксама спачатку пісалі цыдулкі з пагрозамі ды разбілі вакно, а калі святар «не зразумеў намёку» – забілі.
Родам з Літвінскай зямлі
Яшчэ такая цікавая акалічнасць. Ежы Папялушка, які не прымаў камуністычнай ідэалогіі, паходзіў з Аўгустоўшчыны, і ў дзяцінстве размаўляў «па-просту» (або «літоўску» як там кажуць). Бо на поўнач ад Нараву жывуць пераважна каталікі, цяпер рыма-каталікі, а раней былі пашыраны таксама грэка-каталікі, саманазоў якіх – літвіны. Мова іх вельмі падобная да «літаратурнай беларускай мовы», то бок належыць да паўночна-заходняй дыялектнай зоны. Да нядаўняга часу яны вельмі шырока ёю карысталіся.
Аўгустоўшчыну ў пэўным сэнсе можна разглядаць як «Літвінскі П’емонт», бо гэтая частка гістарычнай Літвы, найменш была пад Расеяй. Яна і цяпер знаходзіцца ў Польшчы, і захавала найменне Літвіны і літоўская мова ў сваім праўдзівым гістарычным значэнні і да гэтай пары. Прынамсі, сярод асобаў сталага веку.
Менавіта Аўгустоўшчына была адзінымі землямі гістарычных літвінаў, што адышлі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай не да Расеі. У 1795 годзе самыя заходнія землі ВКЛ населеныя літвінамі былі захопленыя Прусіяй, якая валодала імі да 1807 году. У 1807, па ўмовах Тыльзіцкага трактату, разгромленае Напалеонам Прускае Каралеўства перадало расейскаму імператару Аляксандру І гэтак званую «Беластоцкую вобласць», што пазней была далучана да Гарадзенскай губерні. Але і пасля 1807 году не ўсе землі літвінаў трапілі пад скіпетр расейскага імператара. Гарадзенскі павет Троцкага ваяводства ВКЛ быў падзеленым на дзве часткі паміж дзяржавамі-агрэсарамі. Ласосна і Нёман працягвалі дзяліць лёсы жыхароў былога Гарадзенскага павету і пасля 1807 року. У адрозненні ад Беластоцкае вобласці, пруская палова павету не ўвайшла ў склад Расейскае Імперыі, а была ўключана Напалеонам у створанае ім Герцагства Варшаўскае. Ласосна стала для жыхароў, апынуўшыся пад уладай расейскага цара земляў, сымбалем свабоды.
Мяжа захавалася і пасля паразы Напалеона ды ліквідацыі Герцагства Варшаўскага, і толькі з 1815 году яна стала дзяліць землі Расейскай Імперыі і залежнага ад яе Царства Польскага. І хаця Царства Польскае было толькі аўтаноміяй у складзе Імперыі, аднак пераважна ўніяцкаму і часткова рыма-каталіцкаму літвінскаму насельніцтву падзеленага Гарадзенскага павету давялося жыць паводле розных законаў, адміністрацыйных сістэмаў і нават календара на працягу яшчэ цэлых ста гадоў.
Прапануем Вашай увазе малітву, складзеную благаслаўлёным Ежы Папялушкам у траўні 1982 року.
ЛІТАНІЯ НАШЫХ ДЗЁН
Багародзіца, Панна! Паслухай нас, Маці Бога. Ты стаяла пад крыжам і так шмат цярпела, калі Твой Сын, Езус, паміраў на крыжы.
Просім Цябе, наша Маці і Каралева, за тых, хто найбольш пакутуе, просім Цябе словамі літаніі гэтага часу, словамі літаніі нашых дзён…
Маці тых, каго ашукалі – маліся за нас
Маці тых, каго схапілі ўначы – маліся за нас
Маці вязняў – маліся за нас
Маці напалоханых – маліся за нас
Маці застрэленых (…) – маліся за нас
Маці тых, хто на допытах – маліся за нас
Маці несправядліва пакараных – маліся за нас
Маці працаўнікоў – маліся за нас
Маці студэнтаў – маліся за нас
Маці верных актораў – маліся за нас
Маці тых, хто кажа праўду – маліся за нас
Маці тых, каго немагчыма падкупіць – маліся за нас
Маці асірацелых – маліся за нас
Маці збітых (…)– маліся за нас
Маці тых, хто страціў працу – маліся за нас
Маці тых, каго прымусілі падпісаць дакументы, нязгодныя з сумленнем – маліся за нас
Маці дзяцей, якія сумуюць па зняволеных бацькох – маліся за нас
Маці плачучых маці – маліся за нас
Маці занепакоеных бацькоў – маліся за нас.
Просім Цябе, Маці, якая заяўляешся надзеяй для мільёнаў, дай нам усім жыць у свабодзе і праўдзе, у вернасці Табе і Твайму Сыну.
Амэн
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł 19 кастрычніка 1984 года быў забіты каталіцкі святар Ежы Папялушка pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.