Польскі палітык у Гародні абмяркоўваў БелАЭС з мясцовымі ўладамі
Газета «Wyborcza» апублікавала матэрыял аб скандальна вядомым польскім палітыку Кшыштафе Талвінскім і яго візіце ў Беларусь.
Artykuł Польскі палітык у Гародні абмяркоўваў БелАЭС з мясцовымі ўладамі pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Газета «Wyborcza» апублікавала матэрыял аб скандальна вядомым польскім палітыку Кшыштафе Талвінскім і яго чарговым візіце ў Беларусь. На гэты раз ён сустрэўся з намеснікам старшыні аблвыканкама Віталём Няверам.
Кшыштаф Талвінскі – былы намеснік міністра фінансаў ва ўрадзе «Права і справядлівасць» (PiS), звязаны з Канфедэрацыяй «Свабода і Незалежнасць». У жніўні ў складзе «дэлегацыі Падляскага ваяводства» ён наведаў Ваўкавыскі раён. Маршал Падляскага ваяводства Артур Касіцкі «рашуча адмежаваўся» ад паводзінаў Кшыштафа Талвінскага і паведаміў, што Міністэрства замежных спраў было паінфармавана аб інцыдэнце, паколькі паводзіны былога намесніка маршала ваяводства Талвінскага супярэчаць польскаму дзяржаўнаму ладу. Па ягоных словах, ніхто з дэлегацыі не прадстаўляў самакіраванне Падляскага ваяводства.
У час візіту ў Гародню ён абмеркаваў пытанні энергетычнай бяспекі, у тым ліку работу Астравецкай атамнай электрастанцыі. На гарадзенскім тэлебачанні заявілі, што Талвінскі прыбыў у «дэлегацыі Падляскага ваяводства», якая вырашыла наведаць рэгіён, каб «наладзіць дзелавыя кантакты і ўсталяваць новыя сувязі для супрацоўніцтва». Паведамлялася, што гаворка ішла аб „энергазабеспячэнні і харчовай бяспецы”. Таксама яго цікавіла сельская гаспадарка.
Як піша «Wyborcza», напярэдадні візіту ў Беларусь на адным з інтэрнэт-парталаў ён заявіў наступнае:
«Мы – дэлегацыя з трох чалавек, але мы – голас мільёнаў палякаў. Мы — голас прынамсі 10 мільёнаў, дзясятка ці каля таго мільёнаў палякаў, якія не згодныя з тым, што амерыканскі пратэктарат, які кіруе намі сёння, маючы толькі сваіх марыянетак у Сейме ці Савеце міністраў, павінен вырашаць пра нас, што ён павінен вырашаць пра вайну».
У верасні паведамлялася, што польскі Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў падаў у пракуратуру Беластока апавяшчэнне аб падазрэнні Талвінскага ў шэрагу злачынстваў.
«З пачатку вайны ва Украіне ён распаўсюджвае расейскую прапаганду ў Польшчы і нападае на ўкраінцаў. Нядаўна ён нават ездзіў у Беларусь, дзе, выдаючы сябе за прадстаўніка польскіх уладаў, заключыў дамову з чыноўнікамі рэжыму Лукашэнкі і КДБ», — гаварылася ў паведамленні цэнтра.
Artykuł Польскі палітык у Гародні абмяркоўваў БелАЭС з мясцовымі ўладамі pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.