ЧС. Канфуз Бельгіі і поспех Марока
А Харватыя ў групе F буйна перамагла Канаду.
Artykuł ЧС. Канфуз Бельгіі і поспех Марока pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Матчы камандаў групы F 27 лістапада парадавалі нейтральных заўзятараў сваімі непрадказальнымі сюжэтамі.
Хвалёная Бельгія правяла запар другую невыразную сустрэчу. Яшчэ нядаўна грозная ў атацы стракатая дружына Раберта Марцінеса глядзіцца зараз зусім няўпэўнена. Суперснайпер Рамелу Лукаку цяпер не ў лепшых кандыцыях, а як выяўляецца надзейнага дублёра ў яго няма. Мараканцы вытрымалі націск фаварыта пасля чаго рэалізавалі свой план. На гэты раз бронзавых прызёраў апошняга чэмпіянату не ўратаваў і брамнік Цібо Куртуа, якога са штрафнога абхітрыў Ромэн Саіс. Бельгійцы кінуліся ратавацца і прапусцілі голавую контратаку. Такім чынам «атласкія ільвы» значна наблізіліся да плэй-оф.
Канада ўжо на другой хвіліне паслала ў накдаўн харвацкую каманду. Эфектную імклівую камбінацыю ўзорна галавой завяршыў Альфонса Дэвіс. Гэта быў першы гістарычны гол Канады ў фінальных стадыях мундыялю. Але віцэ-чэмпіёны свету прадэманстравалі, што яны ўмеюць трымаць удар. «Шашачныя» паслядоўна гнулі сваю лінію і яшчэ да перапынку адыграліся і выйшлі наперад. Ну а ў другой палове даціснулі супернікаў на класе. Дублем адзначыўся форвард Андрэй Крамарыч, які знаходзіцца ў выдатнай форме. Канала страціла шанцы выйсці ў плэй-оф і ў апошнім туры пазмагаецца толькі за свой прэстыж.
Бельгія – Марока – 0:2 (Ромэн Саіс, 73, Закарыя Абухляль, 90+2)
Харватыя – Канада – 4:1 (Андрэй Крамарыч, 36, 70 Марка Лівая, 44, Лоўра Майер, 90+4); Альфонса Дэвіс, 2)
Становішча ў квартэце F перад апошнім турам: Харватыя – 4 ачкі (розніца мячоў 4-1), Марока – 4 ачкі (2-0), Бельгія – 3 (1-2), 4. Канада – 0 (1-4).
1 снежня. Харватыя – Бельгія, Канада – Марока.
Харватаў для выхаду ў плэй-оф задаволіць нічыя. Каб бельгійцам хапіла ачка, трэба каб Канада перамагла Марока з розніцай на 4 мячы, што амаль нерэальна. Мараканцы ўпершыню з 1986 года (тады яны занялі нават першае месца ў квартэце), маюць добрыя шанцы выйсці з групы.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł ЧС. Канфуз Бельгіі і поспех Марока pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.