Ва Ўкраіне заявілі, што ўзялі ў палон яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі ў кампаніі «Вагнэр»
Брыгада хуткага рэагаваньня Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны затрымала грамадзяніна Беларусі, які падпісаў кантракт з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр» і ваяваў ва Ўкраіне.
Гэта адбылося ў лістападзе. Цяпер Беларускі расьсьледніцкі цэнтар яго ідэнтыфікаваў. Затрыманага завуць Андрэй Г. Ён ваяваў пад пазыўным Заспа, які ўзяў ад назвы вёскі Рэчыцкага раёну, дзе ён нарадзіўся.
Як паведаміў цэнтар, Андрэю 34 гады. Пасьля школы ён працаваў у калгасе, а потым служыў прапаршчыкам у брыгадзе сувязі вайсковай часткі 68473 у Калодзішчах. Пасьля службы працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.
Гэта другі выпадак, калі ўкраінскія вайскоўцы ўзялі грамадзяніна Беларусі ў палон.
У пачатку кастрычніка Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што пры вызваленьні Ліманскага раёну Данецкай вобласьці ў палон узялі грамадзяніна Беларусі. Прозьвішча арыштаванага афіцыйна не назвалі і дакумэнтаў не паказалі. Вядома, што ягонае імя Максім. Паводле сьледзтва, беларус служыў у батальёне «Вэтэран», створаным прыватнай вайсковай кампаніяй «Рэдут».
Сьледчыя расьсьледуюць справу Максіма паводле ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў).