Агляд прэсы: непрывабныя перспектывы
Беларусь уводзіць памежны кантроль для падарожнікаў з Расеі. Украіна пагружае Расею ў «туман вайны». У Нідэрландах дзяржава хоча скупіць жывёлагадоўчыя фермы. Свабода прэсы: нападак і пагроз усё больш.
Artykuł Агляд прэсы: непрывабныя перспектывы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларусь уводзіць памежны кантроль для падарожнікаў з Расеі. Украіна пагружае Расею ў «туман вайны». У Нідэрландах дзяржава хоча скупіць жывёлагадоўчыя фермы. Свабода прэсы: нападак і пагроз усё больш. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Памежныя службы Беларусі пачалі ўсталёўваць часовыя пункты пропуску на сухапутных межах з Расеяй для праверкі прыбыццяў з суседняй краіны», – паведамляе расейская газета The Moscow Times са спасылкай на афіцыйныя крыніцы.
„Работы па ўстаноўцы пунктаў пропуску пачаліся яшчэ на мінулым тыдні. Ахова ўсталявала шлагбаумы, загараджальную стужку і шыпы на трасе М1, якая праходзіць з Масквы праз Смаленск да мяжы з Беларуссю. Паведамляецца, што новыя кантрольна-прапускныя пункты прывялі да запаволенага руху на некалькі кіламетраў. Паміж Беларуссю і Расеяй фактычна не было памежнага кантролю з 1995 года. Дзве краіны, якія маюць агульную мяжу працягласцю 1200 кіламетраў, дазваляюць сваім грамадзянам перасякаць мяжу без пашпарта, што з’яўляецца часткай больш шырокіх намаганняў па паглыбленні сувязяў паміж дзвюма краінамі. Па словах памежнікаў, пункты пропуску часовыя, аднак не ўдакладнілі, калі менавіта будзе адменены кантроль, сказаўшы толькі, што яны будуць дзейнічаць «да асобага паведамлення». Прычына раптоўнага ўсталявання пунктаў пропуску застаецца незразумелай, а Менск афіцыйна не заяўляе з гэтай нагоды. Такі крок зроблены на фоне нядаўняй хвалі нападаў беспілотнікаў у Расеі напярэдадні чаканага контрнаступлення ўкраінскіх войскаў, што прымусіла расейскіх афіцыйных асобаў адмяніць парады да Дня Перамогі па ўсёй краіне і ўзмацніць меры бяспекі», – канстатуе расейскае выданне.
***
Перад пачаткам буйнамаштабных удараў па расейскай арміі Кіеў павялічвае колькасць акцый, накіраваных на ўвядзенне праціўніка ў зман і распаўсюджванне сярод яго панікі. Вайскоўцы такія дзеянні называюць «туман вайны». Як адзначаецца ў артыкуле французскай газета Le Monde, тэрмін «туман вайны» тэарэтычна абгрунтаваў прускі генерал Карл фон Клаўзевіц як пазнаку няўпэўненасці, якую адчуваюць удзельнікі ваенных дзеянняў.
У артыкуле адзначаецца, што ўкраінская армія нарошчвае намаганні, каб згусціць гэты туман. Павялічваецца і колькасць дыверсійных аперацый. Так, 1 і 2 мая ў Бранскай вобласці ў выніку падрыву чыгункі сышлі з рэек два цягнікі. 1 мая была пашкоджана лінія электраперадач каля пасёлка на поўдзень ад Санкт-Пецярбурга. «Апошнія дні ЗША і шэраг еўрапейскіх краін павялічылі палёты радыётэхнічнай выведкі на межах Украіны. Гэта дазваляе вызначыць месцазнаходжанне радыёлакацыйных сістэм праціўніка. У дадатак да гэтага ўкраінскія і заходнія афіцыйныя асобы множаць заявы, якія накіраваныя на тое, каб заблытаць расіян. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў пра тое, што саюзнікі накіравалі 98% абяцанай тэхнікі. Аб тым, наколькі такія заявы выклікаюць хваляванні ў расейскага боку, сведчаць заявы, з якімі ў апошнія дні выступіў Яўген Прыгожын, як і заява Расеі аб частковай эвакуацыі васямнаццаці населеных пунктаў у акупаванай Запарожскай вобласці. Гэта знак таго, што расейскі Генеральны штаб дапускае, што там пачнецца ўкраінскае контрнаступленне, і хоча да яго падрыхтавацца», – падсумоўвае французскае выданне.
***
Урад Нідэрландаў наважыўся скупіць фермерскія гаспадаркі, якія выдзяляюць у атмасферу занадта шмат азоту, а пасля – закрыць іх. Уладальнікам будзе прапанавана цана ў 120 працэнтаў ад рынкавага кошту гаспадарак. Еўракамісія ўжо дала зялёнае святло гэтай праграме, на рэалізацыю якой выдаткавана 1,5 мільярды еўра. На думку Бруселя, гэта не прыклад незаконнага субсідзіравання. Галандскія фермеры ўжо ладзілі шырокія пратэсты супраць папярэдніх планаў галандскага ўрада па скарачэнні выкідаў азоту. Нідэрландская газета De Telegraaf сумняваецца ў тым, што гэты канфлікт атрымаецца вырашыць прапанаваным чынам.
«Многія жывёлаводы не збіраюцца прадаваць свае квітнеючыя фермы дзяржаве, хоць дзяржава і называе схему выкупу «вельмі прывабнай». Акрамя таго, зусім незразумела, хто можа скарыстацца правам удзелу ў гэтай схеме. Ва ўрада ёсць 1,5 мільярды еўра на праграму, якая закране 13000 фермаў. Ужо зараз раздаюцца галасы, якія папярэджваюць пра тое, што гэтай сумы будзе недастаткова. Цяпер чарга за ўрадам. І кожны фермер перш за ўсё мае патрэбу ў яснасці датычна наступстваў такой палітыкі для яго асабістай гаспадаркі. Сем’і людзей, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці, не павінны знаходзіцца ў сітуацыі нявызначанасці і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні», – піша нідэрландскае выданне.
***
3 траўня адзначаўся Сусветны дзень свабоды друку. Аднак вясёлкавай сітуацыю са свабодай прэсы назваць нельга: па дадзеных арганізацыі „Рэпарцёры без межаў”, ціск на журналістаў і прыгнечанне непажаданых СМІ за апошні час узраслі, прычым у сусветным маштабе. Прычыны: крызісы, войны і рост аўтарытарызму. Аглядальнікі б’юць трывогу. Брытанская газета The Times дзеліцца наступнымі назіраннямі.
«Журналістыка – не злачынства, аднак усё больш аўтарытарных рэжымаў узводзіць яе ў ранг правапарушэння, абвальваючыся на журналістаў усёй махінай рэпрэсіўных законаў, фізічных нападак, арыштаў – і далей па спісе. Міжнародны дзень свабоды прэсы павінен паслужыць трывожным сігналам для ўрадаў і грамадзян усіх краін свету. Ганебным з’яўляецца той факт, што да гэтага часу не існуе міжнароднай дамовы, у якой выразна была б прапісаная забарона гвалту супраць журналістаў. Свабода прэсы непазбежна цягне за сабой паляпшэнне сітуацыі з іншымі правамі і свабодамі чалавека, а таму незалежная журналістыка – гэта чырвоная ануча для аўтарытарных рэжымаў. Яны абвальваюцца з нападкамі на журналістаў і рэпарцёраў, але іх галоўная мэта – кантроль над крыніцамі інфармацыі: ён дае ім уладу над усімі», – адзначае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Artykuł Агляд прэсы: непрывабныя перспектывы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.