Агляд прэсы: да перамен не гатовы?
Як уявіць мір з Расеяй і незалежную Беларусь? Змрочныя прагнозы другога туру выбараў у Турцыі. Чэхія: канец эры друкаваных газет? Еўропа: экстрэмальная засуха выклікае трывогу.
Artykuł Агляд прэсы: да перамен не гатовы? pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Як уявіць мір з Расеяй і незалежную Беларусь? Змрочныя прагнозы другога туру выбараў у Турцыі. Чэхія: канец эры друкаваных газет? Еўропа: экстрэмальная засуха выклікае трывогу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
І прэзідэнт ЗША, і еўрапейскія лідары ў апошнія месяцы практычна не звяртаюцца да тэмы Беларусі. Выключэннем з’яўляецца канцлер ФРГ Олаф Шольц. У сваёй прамове ў Ахене ў нядзелю ён згадаў жаданне Пуціна знішчыць дзяржаўнасць Украіны і Беларусі. «Учора падчас саміту Рады Еўропы ў Рэйк’явіку канцлер падкрэсліў перспектыву дэмакратычнай і мірнай будучыні як Расеі, так і Беларусі, якую сёння, аднак, практычна немагчыма ўявіць», – піша нямецкае выданне Redaktions Netzwerk Deutschland.
«Звяртае на сябе ўвагу не столькі змест заяў Шольца, колькі той факт, што Беларусь сапраўды прысутнічае на яго палітычнай карце і не ўспрымаецца толькі як падкантрольная Расеі тэрыторыя. Прынамсі Шольц падкрэсліў: «Безумоўна адно: гэта не скончыцца перамогай пуцінскага імперыялізму. Таму што мы будзем падтрымліваць Украіну да таго часу, пакуль не будзе дасягнуты справядлівы мір». Рада Эўропы павінна «падтрымліваць масты да прадстаўнікоў іншай Расеі, іншай Беларусі — і такім чынам трымаць адкрытай пэрспэктыву дэмакратычнай, мірнай будучыні абедзьвюх краінаў». І дадаў: «Як бы малаверагодна гэта нам ні здавалася сёння», – цытуе канцлера нямецкае выданне.
28 мая ў Турцыі чакаецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У першым туры ніводны з кандыдатаў не змог набраць абсалютнай большасці галасоў: дзейны прэзідэнт Эрдаган на 5 адсоткаў апярэдзіў лідэра апазіцыі Кылычдараглу. Аднак еўрапейская прэса паволі губляе надзею на змену ўлады ў Турцыі. «Эрдаган застанецца ў руля», – упэўненая турэцкая газета Habertürk.
«Нягледзячы на шматлікія папярэджанні, РНП трапіла ў пастку, расстаўленую ўрадам, і вылучыла кандыдата, якога пажадала ПСР. Што ж, зараз атрымлівайце вынік. Здаецца, выбаршчыкі, якія вагаліся з-за алевіцкіх каранёў кандыдата, так і не вырашыліся прагаласаваць за яго. Верх атрымалі абаронная прамысловасць, бясплатны газ, пасыл пра тое, што «калі хто і ў стане дзейнічаць, дык гэта Эрдаган», будаўнічыя кампаніі і эканоміка, якая базуецца на будаўнічым сектары, а таксама заклік згуртаваць шэрагі перад тварам замежнага ўмяшання. Пандэмія, эканоміка і землятрус – усе гэтыя фактары не адыгралі ніякай ролі. Турцыя не гатовая да перамен, бо яна не скончыла з Эрдаганам. І арыфметыка парламенцкіх выбараў гэта ўжо дэманструе», – адзначае турэцкае выданне.
У рамках рэалізацыі пакета мераў жорсткай эканоміі ўрад Чэхіі больш чым удвая падняў памер ПДВ на друкаваныя газеты – да 21 працэнта. Выдаўцы баяцца, што гэтая мера прывядзе да таго, што друкаваныя газеты вымруць як від. Аглядальнікі крытыкуюць новаўвядзенне як паражэнне ў барацьбе з дэзінфармацыяй. Чэшская газета Lidové noviny з гіроніяй адзначае наступнае:
«Выкажам здагадку, што гэта не намер знішчыць друкаваныя газеты, а проста няведанне. Міністры не ў курсе таго, што ні ў адной іншай краіне Еўропы няма такога высокага ПДВ на газеты. Ім невядома, якую сацыяльную функцыю выконваюць газеты, і гэтай мерай яны неўсвядомлена падсілкоўваюць бясконцы і недыферэнцыраваны паток інфармацыі ў інтэрнэце. Адсутнасць газет можа і не азначаць сур’ёзнага абмежавання доступу да інфармацыі, але вызначана прывядзе да таго, што насельніцтва будзе атрымліваць усё больш маніпуляваную інфармацыю».
Сёлета па ўсёй Еўропе назіраецца засуха: пасевы засыхаюць, вадацёкі знікаюць, а ў папулярных турыстычных рэгіёнах, такіх як Каталонія і Андалузія, перад поглядам мясцовых жыхароў і турыстаў паўстаюць сумныя пустынныя ландшафты. «Вынікі навуковых даследаванняў павінны вылівацца ў канкрэтныя справы», – з такім заклікам выступае італьянская газета La Stampa.
«Паміж 1970 і 1990 гадамі найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі замаўлялі спецыяльныя даследаванні і наймалі для гэтых мэт лепшых кліматолагаў свету. Гэтыя даследаванні зараз знаходзяцца ў адкрытым доступе і адрозніваюцца выключнай дакладнасцю. Так, напрыклад, было дакладна прадказана, што ўтрыманне CO2 у паветры ў бягучыя гады перавысіць парогавае значэнне ў 420 ppm (часціц СО2 на мільён часціц паветра). Так што навукоўцы выдатна спраўляліся са сваёй працай, нават калі ім плацілі тыя, хто быў зацікаўлены ў адмаўленні катастрафічных наступстваў змены клімату. Выснова: кліматалогія – гэта сапраўдная навука. А вялікі бізнэс быў у курсе праблем, але пальцам аб палец не ўдарыў», – канстатуе італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Агляд прэсы: да перамен не гатовы? pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.