Лукашэнка заклікаў не хвалявацца наконт прыезду «вагнераўцаў» у Беларусь
Кіраўнік Беларусі падчас свайго выступу 30 чэрвеня, прымеркаванага да Дня Незалежнасьці, закрануў тэму прыбыцьця ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнера».
Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што да тэмы наймітаў ён вяртаецца, каб супакоіць людзей: «Каб вы не перажывалі і не хваляваліся».
«Цяпер (не зь Беларусі) раздзьмулі і разьдзімаюць гэтую праблему ПВК „Вагнера“... Ды супакойцеся. Калі б можна было іх запрасіць сюды (за іх кошт), гэта для нашага войска добра. Гэта самыя падрыхтаваныя людзі. Кажуць: „Там вязьні“. Паслухайце, усе вайскоўцы, якія там былі асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль. І яшчэ адзін нюанс, які яны ня хочуць тлумачыць: асуджаныя вызваляліся зь месцаў пазбаўленьня волі ў Расеі толькі для расейскага фронту. Ніводны чалавек за мяжу не выяжджае».
Таксама Лукашэнка заявіў, што яго папярэджвалі аб тым, што разьмяшчэньне ў Беларусі «вагнераўцаў» — гэта «дрэнная рэч, дрэнны сыгнал». Вал званкоў Лукашэнку паступіў «ад тых, хто нас не прызнае», але да парад ён не прыслухаўся і сваё рашэньне абгрунтаваў прынцыпам: «калі вы ня ведаеце што рабіць у той ці іншай сытуацыі, а вашы ворагі гвалтам крычаць — рабіце ўсё наадварот». «Калі яны крычаць, што ядзерная зброя гэта дрэнна — рабіце наадварот».
Паводле Лукашэнкі, «беларускія вайскоўцы былі б ня супраць, каб „вагнераўцы“ падзяліліся зь імі сваім досьведам».
«На жаль, у нас іх няма. А калі іх хлопцы-інструктары, як я казаў ужо ім, прыедуць і перададуць баявы вопыт нам, мы прымем гэты вопыт... Я не зббіраюся ваяваць. Але я амаль 30 гадоў рыхтуюся да гэтай вайны, таму мы жывем у мірны час. Вось такі несьвяточны мэсэдж. На ўсялякі выпадак. Каб вы не перажывалі і не хваляваліся».
Таксама сёньня Лукашэнка заявіў. што Беларусь мае намер прапанаваць суседнім краінам «плян добрасуседзтва і міру».
«Мы чарговы раз працягваем вам руку міралюбнасьці не таму, што спалохаліся вашых „палкоў“ і „харугваў“. Мэты іх нікчэмныя, пляны вар’яцкія».
Разам з тым, ён заклікаў Захад «не выпрабоўваць славянскае цярпеньне і свой лёс», бо «калі дзяржаўнасьць, незалежнасьць, тэрытарыяльная цэласнасьць, бясьпека нашых народаў апынуцца пад рэальнай пагрозай, мы, нават не разважаючы, адкажам адэкватна».
«Цяпер стала модна казаць пра цэнтры прыняцьця рашэньняў. Дык вось, каардынаты гэтых цэнтраў нам да мілімэтра вядомыя. І пазаўчора яны дакладна і ясна вызначаныя і зацьверджаныя мною на вайсковых мапах», — сьцьвярджаў Лукашэнка.
«Ці ўсьведамляюць заходнія палітыкі, што яны ўласнымі рукамі кладуць галаву Эўропы на ядзерную гільяціну? Яны сурʼёзна думаюць, што абыдуцца малой ахвярай — Вільняй і Эўропай?» — пытаўся Лукашэнка.