Літва накіравала Беларусі ноту адносна БелАЭС, Лукашэнка ў адказ заявіў: «У нас месца ва ўнітазах хапае»
«Беларусь працягвае ігнараваць заклікі міжнароднай супольнасьці вырашыць у першую чаргу ўсе праблемы бясьпекі ў гэтым небясьпечным ядзерным праекце», — гаворыцца ў заяве літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства.
«Небясьпечная АЭС у Астраўцы», на думку літоўскага боку, уяўляе «вялікую пагрозу для ўсёй Эўропы».
«Літва настойвае на прыпыненьні працы першага і другога энэргаблёкаў БелАЭС, пакуль ня будуць разьвязаныя ўсе пытаньні бясьпекі», — адзначае літоўскае МЗС.
Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на ноту 3 лістапада падчас працоўнай паездкі ў Астравецкі раён (Горадзенская вобласьць).
«Гэта шалёныя даслалі ноту. Народ Літвы ніякага дачыненьня да гэтых шалёных ня мае. Паверце, я ведаю, што там адбываецца. Там вярхушка жыве сама па сабе. Ведаю нават дзядуляў і бацькоў тых, хто сёньня кіруе Літвой», — цытуе Лукашэнку яго прэсавайя служба.
Паводле яго слоў, літоўскіх спэцыялістаў «у свой час» запрашалі ў Беларусь для «супрацоўніцтва без каменя за пазухай», але Вільня «па камандзе пэўных людзей з‑за акіяну» не прыняла прапанову.
«Гэта ўжо ня першая нота. Хай шлюць. У нас месца ва ўнітазах хапае», — сказаў Лукашэнка.
Таксама падчас выступу перад пэрсаналам Астравецкай АЭС Лукашэнка заявіў, што дачыненьні зь Літвой і Польшчай некалі адновяцца, бо «мы, фактычна, адзін народ».
