Беларусь разлічвае атрымаць міжнародную фінансавую дапамогу?
Урад Беларусі ў 2025 годзе разлічвае атрымаць дапамогу на стварэнне інфраструктуры на граніцы.
Урад Беларусі ў 2025 годзе разлічвае атрымаць міжнародную дапамогу на стварэнне інфраструктуры на граніцы. Гэтыя працы спыніліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі рэжым Лукашэнкі падтрымаў расейскае ваеннае ўварванне.
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/01/finansovaya_podderzhka_ot_gosudarstva-1.jpg)
Цяпер Савет міністраў Беларусі зацвердзіў аб’ёмы і крыніцы фінансавання дзяржаўнай праграмы па стварэнні інфраструктуры пунктаў пропуску на дзяржаўнай граніцы. Паводле планаў, у 2025 годзе плануецца прыцягнуць 52,5 мільёна рублёў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Агульны кошт адпаведнай праграмы складае 225,3 мільёнаў рублёў. У 2021 годзе Беларусь у межах гэтай праграмы паспела атрымаць амаль 62 мільёна на пагранічную інфраструктуру, але ў 2022 годзе міжнародныя арганізацыі спынілі свой удзел у гэтай праграме, піша Радыё Свабода.
Лукашэнка прызначыў Чабатара міністрам эканомікі
Аляксандр Лукашэнка прызначыў 4 студзеня Юрыя Чабатара міністрам эканомікі Беларусі. Да нядаўняга часу гэтую пасаду займаў Аляксандр Чарвякоў, якога летась у лістападзе прызначылі паслом Беларусі ў Кітаі
Юрый Чабатар больш за 20 гадоў працуе ў сістэме Міністэрства эканомікі. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Апошнія месяцы быў выконваючым абавязкі міністра эканомікі, у гэты час заявіў, што расейскія інвестыцыі ў беларускія прадпрыемствы выраслі на 140%. Пры ім быў арганізаваны першы інвестыцыйны форум Беларусі на тэрыторыі РФ.
Яшчэ ў 2021 годзе Чабатар заяўляў, што даходы насельніцтва краіны вырастуць на 20% да 2025 года.
Беларусбанк пачаў выдаваць крэдыты на айчынныя тавары пад 4%
З 4 студзеня Беларусбанк запусціў новы крэдыт на спажывецкія патрэбы пад назвай “На родныя тавары”. Як гаворыцца на сайце банка, зроблена гэта з мэтай стымулявання гандлю таварамі беларускіх вытворцаў.
Крэдыт будзе выдавацца на тры гады пад фіксаваную на ўвесь тэрмін стаўку 4% гадавых для набыцця тавараў беларускіх вытворцаў. Гэта мэбля, халадзільнікі і маразільнікі, пральныя, кухонныя, пасудамыйныя машыны, ровары, мапеды, матацыклы, тэлевізары, мотаблокі, міні-трактары і іншае.
Максімальная сума крэдыту залежыць ад плацежаздольнасці заяўніка, але не можа перавышаць 300 базавых велічынь, цяпер гэта 12 тысяч рублёў. Крэдыт выдаецца безнаяўным пералічэннем на рахункі прадаўцоў, паведамляе nashaniva.com.
У Беларусі ў 23 раёнах “напружаная сітуацыя на рынку працы”
У Беларусі ў 23 раёнах “напружаная сітуацыя на рынку працы”. Дакумент, які змяшчае адпаведныя дадзеныя, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Найбольш у спісе прадстаўлена раёнаў Віцебскай вобласці (восем): Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Расонскі, Сенненскі, Ушацкі, Чашніцкі і Шумілінскі. На другім месцы Магілёўская вобласць, дзе сем раёнаў маюць сур’ёзныя праблемы на рынку працы. На трэцім месцы – Гомельская вобласць. У Берасцейскай вобласці напружаная сітуацыя ў Івацэвіцкім і Маларыцкім раёнах, у Гарадзенскай і Менскай абласцях — у Дзятлаўскім і Вілейскім раёнах адпаведна, піша pozirk.online.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.