Казус Nizkiz
Як рэагаваць на тых, хто не з’ехаў і стаўся затрыманым.
Па-першае, абсалютная большасць беларусаў застаецца ў Беларусі. І пераважная ж большасць з іх – супраць Лукашэнкі і ягонага рэжыму.
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/01/image-7-2.png)
Тэма актывізавалася ў звязку з шырокім абмеркаваннем нядаўняга затрымання большасці ўдзельнікаў гурту «Nizkiz». Тых самых з хітом пра «я ведаю правілы» і кліпам на песню на фоне акцый пратэсту 2020 году.
Новыя беларускія дыяспары, якія толькі фармуюцца, складаюцца з розных беларусаў. Далёка не большасць з іх уцякала балотамі, лясамі, рэкамі ды іншымі козьімі сцяжынамі ад карнай сістэмы лукашыстаў. Магчыма, нават большасць спакойна збіралася, вырашала пытанні з маёмасцю, фактычна рэлакавалася, не пачынаючы ў новай краіне з памочніка пекара ці разносчыка піцы.
Галасы з акцэнтам на рацыянальнасць асабіста я чую пераважна ад такіх людзей. Ну як рацыянальнасць – у іх разуменні. Маўляў, з-за кратаў ты нічога карыснага не зробіш, а з Польшчы ці іншай краіны – дасі плёну.
Ёсць жа іншыя людзі, для якіх эмацыйная складовая больш важная. Але і рацыянальнасць ёсць у жыцці. Толькі гэта больш складаная рацыянальнасць.
Напрыклад, калі ты лідар меркаванняў у тым ці іншым асяроддзі, сваім «не з’ехаў» ты падтрымліваеш суайчыннікаў. Больш за тое, у якасці дапушчэння выкажу версію, што тваё сядзенне за кратамі – дадатковы эпізод для будучага «нюрбергу» над лукашызмам.
Рамантыкі? Не факт што той «нюрберг» будзе? Не факт, што Беларусь будзе вольнай? Тым, хто дазваляе сабе адкрыта крытыкаваць тых, хто не з’ехаў, я хачу сказаць, што шмат для каго жыццё – не жыццё без веры ў вольную Беларусь. Вось такія людзі.
Ім жа некаторыя ўмудраюцца прад’явіць калі не слабы розум, дык мінімум наіўнасць, то бок, свядомасць дзіцячага ўзроўню.
У Польшчы назіраю цікавую рэверсіўную сітуацыю. Калісьці гадоў 25-30 таму палякі актыўна параўноўвалі беларускі супраціў, які толькі вырастаў, з «Салідарнасцю» 1980-х. Сёння большасць палякаў у сілу ўзросту проста не ведаюць на сабе што такое дыктатура і рэпрэсіі.
Для такіх палякаў беларусы як з фантастычнага фільму – перасяліліся з 1980-х у будучыню. У сённяшні дзень.
Але калі беларусы сваіх пляжаць за ўчынкі, якія не прымаюць, тут, відаць выключна кампенсаторная рэакцыя, калі ты апраўдываеш сябе за сваю эміграцыю.
Не нашкодзь – гэта не толькі пра медыкаў, гэта пра ўсіх людзей. Не можаш дапамагчы – проста не нашкодзь.
Нам усім трэба і далей трымаць шыхт.
Беларускае Радыё Рацыя