Добавить новость
smi24.net
World News in Belarusian
Январь
2026
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31

Затрыманы ЗША 7 студзеня танкер аказаўся зьвязаным з малдаўскім алігархам і памочнікам Крамля Іланам Шорам

0

7 студзеня берагавая ахова ЗША затрымала ў паўночнай Атлянтыцы нафтавы танкер Marinera (былы Bella 1). Перасьлед судна працягваўся два з паловай тыдні, за гэты час яно зьмяніла сьцяг Гаяны на расейскі і заручылася падтрымкай Масквы, — паводле паведамленьняў СМІ, яго нават суправаджала расейская падлодка. Такі ўзровень уцягнутасьці Масквы ў праблемы танкера на іншым канцы сьвету невыпадковы. Як высьветлілі «Система» і Расейская служба Радыё Свабода, танкер зьвязаны з даўнімі саюзьнікамі Крамля — былым украінскім дэпутатам Віктарам Баранскім і малдаўскім алігархам-уцекачом Іланам Шорам.

Украінскі дэпутат і малдаўскія наміналыТанкер Marinera атрымаў часовы дазвол на плаваньне пад расейскім сьцягам на чацьвёрты дзень пагоні — 24 сьнежня 2025 году. Зьмяніўся і ўладальнік танкера — замест турэцкай кампаніі, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, ім стала расейская фірма з Разані «Буревестмарин». Яна была зарэгістраваная ў ліпені 2025-га, і з таго часу яе гендырэктарам і адзіным уладальнікам лічыцца 39-гадовы ўраджэнец Чыты Ільля Бугай. Ён прачытаў пытаньні, якія «Система» і Расейская служба Радыё Свабода адправілі яму ў мэсэнджэр, але не адказаў на іх.

Бугай таксама ўзначальвае маскоўскае ТАА «Руснефтехимторг», якое займаецца пастаўкамі паліва, у тым ліку танкернымі. Сярод асноўных пакупнікоў паліва «Руснефтехимторга» значылісянекалькі замежных кампаній (Эстонскія Gacommodities OU і OU Welldone Shipping Company і брытанская Naema Trading)і ва ўсіх іх ёсьць агульная рыса — імі валодаюць жанчыны, якія пражываюць у Малдове.

Як мінімумдзьве дамы (Аліна Самсон і Людміла Бабушкіна)з гэтай кампаніі ўжо траплялі ў прыцэл журналістаў. Выданьне «Вёрстка» называла іх наміналамі ў імпэрыі ценявога танкернага флёту, за якой стаіць былы дэпутат Адэскага гарсавету Віктар Баранскі. У 2021-мструктуры (Fides Ship Management LLC і ТАА «Рустанкер»), зьвязаныя з Баранскім і ягоным нефармальным холдынгам, трапілі пад санкцыі ЗША за транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты. Аўтары матэрыялу адправілі пытаньні ў фэйсбук Баранскага, там пацьвердзілі атрыманьне, але не змаглі апэратыўна адказаць на запыт.

Малдаўскія наміналы — не адзінае, што зьвязвае «Руснефтехимторг» з канглямэратам Віктара Баранскага. Фірма, якой кіруе Бугай, карысталасятанкерам («Астрахань сити»)зь меркаванай флятыліі Баранскага і гандлявала зкампаніяй (ТАА «Кварта»), блізкай да нефармальнага холдынгу экс-дэпутата. Зрэшты, у «Руснефтехимторга» можна разгледзець і іншыя сувязі.

Людзі з сувязямі ў КрамліУ лістападзе 2020 году зьвязаны з затрыманым танкерам «Руснефтехимторг» дамовіўся з «Нефтепромбанком» пра крэдыт у 300 млн рублёў ($3,7 млн па курсе на адпаведную дату). Яшчэ праз паўмесяца банк выдаў гэткую ж суму фірме «Речмортранс», за якой, паводле зьвестак «Вёрсткі», стаяў Баранскі. Праз паўгоду Цэнтрабанк западозрыў «Нефтепромбанк» у вывадзе актываў і адабраў у яго ліцэнзію. Пасьля банк быў абвешчаны банкрутам, і ягоны конкурсны кіраўнік пачаў спагнаньне запазычанасьцяў па крэдытах.

У 2022 годзе чарга вяртаць пазыкі дайшла да «Руснефтехимторга» і «Речмортранса». Абедзьве фірмы атрымалі судовыя пазовы іўрэгулявалі запазычанасьць (На той момант яна перайшла ад «Нефтепромбанка» да ягонага правапераемніка — ТАА «МашИнтер»)да сакавіка 2023-га. У абодвух выпадках выкарыстоўвалася адна схема — у кошт доўгу пазычальнікі перадалі крэдытору правы патрабаваньня да трэцяй фірмы — ТАА «Диаманд Эстейт». «Руснефтехимторг», «Речмортранс» і гендырэктар «Диаманд Эстейт» не змаглі апэратыўна адказаць на запыты.

З 2022 году «Диаманд Эстейт» належацьдва малдаўскія тэлеканалы (Accent TV і «Первый в Молдове». Ліцэнзіі абодвух каналаў былі прыпыненыя ў 2023 годзе, а затым цалкам ануляваныя ў 2024-м на падставе таго, што яны фінансаваліся з сумнеўных крыніц і былі зьвязаныя з «арганізаванай злачыннай групай Ілана Шора»). Раней імі валодалі сын экс-генпракурора Расеі Юрыя Чайкі Ігар Чайка і блізкі паплечнік былога прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона Вадзім Чубара, а з прыходам «Диаманд Эстейт» тэлеканалы сталі зьвязваць з асяродзьдзем малдаўскага алігарха Ілана Шора. Ён жа падазраваўся ў вывадзе зь «Нефтепромбанка» 2,4 млн эўра, але справа скончылася для ягоўдала (Шор заключыў з правапераемнікам «Нефтепромбанка» міравое пагадненьне, у якім зафіксаваная адмова ад патрабаваньняў да бізнэсоўца). У кампаніі Шора «А7» не адказалі на запыт.

Шора лічаць «рукой Масквы» ў малдаўскай палітыцы. Пры гэтым сам бізнэсовец даўно жыве за межамі Малдовы — там яго завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі за вывад мільярда даляраў з банкаўскай сыстэмы краіны. Шор асеў у Расеі, атрымаў грамадзянства і цяпер дапамагае Крамлю абыходзіць фінансавыя санкцыі праз крыптавалюту. Партнэрам Шора выступае дзяржаўны «Промсвязьбанк», а ў запуску праекту восеньню 2025-га ўдзельнічаў Уладзімір Пуцін.

У Баранскага таксама ёсьць сувязі ў асяродзьдзі расейскага прэзыдэнта. Былы ўкраінскі дэпутат быў сябрампартыі («Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё»)кума Пуціна Віктара Медзьведчука. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Баранскі быў пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства і, паводле зьвестак СМІ, перабраўся ў Расею сьледам за Медзьведчуком.

Якое дачыненьне расейскі ценявы флёт мае да ВэнэсуэлыТанкеры прыбываюць у парты Вэнэсуэлы для выкананьня дзьвюх задачаў: экспарту нафты і нафтапрадуктаў з краіны і дастаўкі Каракасу нафты — прадукту, які выкарыстоўваецца для разбаўленьня цяжкай і звышцяжкай вэнэсуэльскай нафты.

Асноўным імпартэрам нафты ў Вэнэсуэлу і экспартэрам вэнэсуэльскай нафты доўга былі ЗША, але ў 2019 годзе Вашынгтон увёў санкцыі ў дачыненьні да PDVSA — дзяржаўнай кампаніі, празь якую Каракас ажыцьцяўляе экспарт вуглевадародаў. Потым ЗША ўводзілі часовыя дазволы для працы з Вэнэсуэлай і пэрыядычна аднаўлялі імпарт і экспарт нафты, а падчас дзеяньня поўных санкцый пастаўшчыком разбаўляльніка для Каракаса выступаў у асноўным Іран. У красавіку 2025 году ўсе часовыя дазволы Мінфіну ЗША скончыліся, але гэтым разам асноўным пастаўшчыком нафты для Вэнэсуэлы стаў не Іран, а Расея. Прыкладна з гэтага ж моманту Кітай стаў ключавым пакупніком вэнэсуэльскіх нафтапрадуктаў. Калі ў 2024 годзе ЗША і Кітай мелі прыкладна роўную долю ў імпарце нафты з Вэнэсуэлы, то ў 2025 годзе на Кітай прыпала прыкладна 75 адсоткаў. За кошт Вэнэсуэлы Кітай пакрываў да 4 адсоткаў сваіх нафтавых патрэбаў.

Такім чынам, асноўны танкерны трафік каля берагоў Вэнэсуэлы ў апошнія месяцы выглядаў так: танкеры дастаўлялі ў краіну расейскую нафту, далей ёй разбаўлялі цяжкую вэнэсуэльскую нафту, якую іншыя караблі дастаўлялі ў Кітай. Абслугоўвалі гэтыя апэрацыі танкеры пад рознымі сьцягамі і розных суднаўладальнікаў, некаторыя зь іх знаходзіліся пад санкцыямі як прыналежныя расейскаму ценявому флёту, некаторыя — як зьвязаныя з Іранам, іншыя пад санкцыямі не былі. Расейскую нафту маглі дарогай перагружаць з судна на судна, пры гэтым усе караблі, што ўдзельнічалі ў гэтай складанай лягістыцы, часта адключалі транспондэры. Амэрыканскія вайскоўцы перашкаджалі дастаўцы ў Вэнэсуэлу расейскай нафты яшчэ з канца лістапада.

Марская блякада Вэнэсуэлы і затрыманьне танкераўУ сярэдзіне сьнежня Дональд Трамп абвясьціў пра марскую блякаду Вэнэсуэлы — дакладней, пра карантын, што тычыцца руху падсанкцыйных танкераў у Вэнэсуэлу і зь яе. За тыдзень да гэтага амэрыканская берагавая ахова ўжо затрымала супэртанкер Skipper пад сьцягам Гаяны неўзабаве пасьля выхаду судна з Порта Хасэ ў Вэнэсуэле. Цягам 2025 году гэты танкер перавозіў нафтапрадукты з партоў Вэнэсуэлы і Ірана і наведваў Кітай, а з 2022 году быў пад амэрыканскімі санкцыямі. Улады ЗША лічаць, што сьцяг Гаяны ў танкера быў фальшывым і фактычна Skipper быў бясьсьцяжным.

20 сьнежня супрацоўнікі берагавой аховы ЗША падняліся на борт танкера Centuries пад сьцягам Панамы, які ішоў Карыбскім морам. Сам танкер ня быў пад амэрыканскімі санкцыямі. У Белым доме апраўдалі захоп танкера тым, што ён перавозіў падсанкцыйную вэнэсуэльскую нафту. Пры гэтым падставай для таго, каб падняцца на борт судна, магла быць міжнародная дамова паміж Панамай і ЗША, якая дазваляе амэрыканскім прадстаўнікам даглядаць караблі пад панамскім сьцягам на працягу дзьвюх гадзін пасьля афіцыйнага папярэджаньня. Нафта, якую перавозіў Centuries, была набытая кітайскай кампаніяй, і прадстаўнік МЗС КНР заявіў, што захоп судна — «сур’ёзнае парушэньне міжнароднага права», а Вэнэсуэла мае права самастойна разьвіваць адносіны зь іншымі краінамі.

Берагавая ахова ЗША затрымлівала ня ўсе танкеры, якія выходзілі з Вэнэсуэлы. Цягам некалькіх дзён па ўвядзеньні карантыну краіну пакінулі як мінімум чатыры танкеры, якія прапусьцілі, бо яны не былі ў санкцыйных сьпісах. У той жа час, у партах Вэнэсуэлы да канца году сабралася 16 танкераў, якія не маглі пакінуць узьбярэжжа краіны праз рызыку быць захопленымі ўладамі ЗША. Напрыклад, 20 сьнежня ў Вэнэсуэлу прыбыў танкер Hyperion пад сьцягам Гамбіі. Ён, меркавана, даставіў 300 тысяч барэляў нафты з расейскага Мурманску. Судна знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, як прыналежнае расейскаму ценявому флёту.

Шмат якія караблі, якія накіроўваліся ў Вэнэсуэлу, зьмянілі напрамак або спыніліся, прычым гэта былі як падсанкцыйныя — напрыклад, Garnet з грузам расейскай нафты, — так і танкеры, якія не знаходзяцца пад санкцыямі.

Як перасьледавалі Bella 1Адным з танкераў, якія зьмянілі курс пасьля ўвядзеньня карантыну, стаў Bella 1. Гэта судна, якое раней перавозіла нафтапрадукты з Ірана, знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе ЗША з 2024 году, ягоны былы ўладальнік, турэцкая кампанія Louis Marine Shipholding Enterprises, лічыцца зьвязаным з іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі. Апошнія вядомыя час і месца пагрузкі Bella 1 — іранскі порт у верасьні 2025 году. Пасьля гэтага судна на два месяцы адключыла транспондэр, а праз два месяцы, калі сыгнал аднавіўся, танкер быў ужо пусты. Напачатку сьнежня Bella 1 перасекла Атлянтычны акіян пад фальшывым сьцягам Гаяны, кіруючыся, паводле афіцыйнай дэклярацыі, у Кюрасаа, а насамрэч, меркавана, у Вэнэсуэлу. 21 сьнежня карабель берагавой аховы ЗША паспрабаваў перахапіць Bella 1. У адказ на гэта танкер зрабіў поўны разварот і скіраваўся ў бок Эўропы.

30 сьнежня каманда танкера намалявала на борце судна расейскі сьцяг. Праз два дні танкер быў унесены ў расейскі марскі рэгістар пад новай назвай Marinera і з пазначэньнем новага ўладальніка — расейскай кампаніі «Буревестмарин». Сьледам за Bella 1 зьмянілі рэгістрацыю на расейскую яшчэ некалькі суднаў, у прыватнасьці, згаданы вышэй Hyperion. Расейскае МЗС заявіла, што сочыць за пагоняй з «занепакоенасьцю», а неафіцыйна, паводле зьвестак WSJ, Расея папрасіла ЗША спыніць перасьлед танкера. З спасылкай на крыніцу ў амэрыканскай адміністрацыі выданьне WSJ пісала, што Расея адправіла насустрач судну падводную лодку і іншыя вайсковыя караблі для эскорту. Пра гэта ж з спасылкай на дзьве амэрыканскія крыніцы паведамляў тэлеканал CBS. Незалежнага або афіцыйнага пацьверджаньня гэтая інфармацыя пакуль не атрымала. Захопу танкера 7 студзеня расейскія вайскоўцы не перашкаджалі.

Джон Бёрджэс, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру права і міжнароднага кіраваньня пры ўнівэрсытэце Тафтса ў штаце Масачусэтс, лічыць, што захоп амэрыканскімі вайскоўцамі ў нэўтральных водах танкера пад расейскім сьцягам ня ёсьць незаконным, але можа несьці юрыдычныя і эскаляцыйныя рызыкі. Да прыняцьця расейскай рэгістрацыі Bella 1 фактычна была бясьсьцяжным суднам, што дапускае магчымасьць ягонага надгляду службамі іншай дзяржавы.

«Караблі не павінны мяняць сьцяг проста зь меркаваньняў зручнасьці — для гэтага павінны быць істотныя падставы. Я мяркую, што пазыцыя ЗША палягае ў наступным: судна пачынала свой шлях як бясьсьцяжнае, а затым раптам „запісалася“ пад сьцяг Расеі. Гэта сапраўды ёсьць спрэчным момантам у дадзенай сытуацыі.

Аднак звычайна, калі судна было зарэгістравана недзе яшчэ, дзяржава, якая ажыцьцяўляе надгляд, ня стала б проста ігнараваць гэты факт. Такім чынам, дзеяньні ЗША былі вынікам дастаткова пашыральнага тлумачэньня сваіх паўнамоцтваў і адначасова стваралі рызыку канфрантацыі зь дзяржавай сьцяга — у дадзеным выпадку з Расеяй.

У Расеі ёсьць і іншыя прычыны заахвочваць перарэгістрацыю суднаў. Некаторыя дзяржавы „зручных сьцягоў“ заявілі, што ня хочуць мець справу з санкцыямі супраць Расеі, і таму больш не прымаюць пад свой сьцяг танкеры „ценевага флёту“. У выніку назіраецца свайго роду дрэйф рэгістрацый у бок Расеі. Асьцярогі наконт дзеяньняў ЗША або рызыкі атак марскіх бесьпілётнікаў таксама спрыялі тэндэнцыі пераходу танкераў „ценевага флёту“ пад расейскі сьцяг.

Але гэтае судна, Marinera, або Bella, як яно называлася раней — перайшло пад расейскі сьцяг вельмі хутка, ужо ў моры, і, відавочна, таму, што ягоныя ўладальнікі разумелі: ЗША ўжо адзначылі яго для сябе як „праблемнае“».

7 студзеня Паўднёвае камандаваньне Ўзброеных сілаў ЗША паведаміла пра затрыманьне ў Карыбскім моры яшчэ аднаго танкера — M Sophia, які, як адзначаецца, ня мае рэгістрацыі ні ў адной краіне. Ён унесены ў санкцыйныя сьпісы ЗША як меркаванае судна расейскага «ценевага флёту». Ён таксама быў затрыманы ў міжнародных водах. Паведамляецца, што яго эскартуюць да ўзьбярэжжа ЗША.

9 студзеня берагавая ахова ЗША непадалёк ад Вэнэсуэлы паднялася на борт танкера Olina, які быў унесены ў санкцыйныя сьпісы пад назвай Minerva M.

Такім чынам, з 10 сьнежня ЗША ў агульнай складанасьці захапілі пяць танкераў, якія альбо накіроўваліся ў Вэнэсуэлу, альбо перавозілі вэнэсуэльскую нафту.

Пазыцыі ЗША і РасеіПрэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт заявіла, што танкер Marinera разглядаўся як частка «вэнэсуэльскага ценевага флёту», які перавозіў падсанкцыйную нафту. Судна прызналі «безьдзяржаўным», бо яно выкарыстоўвала ілжывы сьцяг. На судна быў выдадзены ордэр на арышт, на падставе чаго танкер затрымалі.Міністар абароны ЗША Піт Хегсет паведаміў, што «блякада санкцыянаванай і незаконнай вэнэсуэльскай нафты застаецца ў сіле ў любым пункце сьвету».Генпракурор ЗША Пэм Бондзі адзначыла, што амэрыканскі Мін’юст сочыць за яшчэ некалькімі суднамі «на прадмет аналягічных мераў прымусовага характару».Мінтранс Расеі выказаў нязгоду з затрыманьнем танкера, спасылаючыся на міжнародныя нормы: «У адпаведнасьці з нормамі Канвэнцыі ААН па марскім праве 1982 году ў водах, у адкрытым моры дзейнічае рэжым свабоды суднаходзтва і ніводная дзяржава ня мае права ўжываць сілу ў дачыненьні да суднаў, належным чынам зарэгістраваных у юрысдыкцыях іншых дзяржаў».МЗС РФ, у сваю чаргу, 7 студзеня заявіла, што сярод чальцоў экіпажа судна ёсьць расейскія грамадзяне і запатрабавала ад ЗША «забясьпечыць гуманнае і годнае абыходжаньне зь імі, няўхільна выконваць іхныя правы і інтарэсы, а таксама не перашкаджаць іхнаму хутчэйшаму вяртаньню на Радзіму». 8 студзеня МЗС пашырыла свой камэнтар і назвала арышт танкера Marinera і ягонага экіпажу незаконнай сілавой акцыяй, «найгрубейшым парушэньнем асноўных прынцыпаў і нормаў міжнароднага марскога права, а таксама свабоды суднаходзтва».Аўтары: Сяргей Цітоў, Сяргей Дабрынін, Сьвятлана Осіпава, Дзьмітры Сухараў, Расьсьледніцкі праект «Система», Расейская служба Радыё Свабода















Музыкальные новости






















СМИ24.net — правдивые новости, непрерывно 24/7 на русском языке с ежеминутным обновлением *