Наперад у 2024-ы
Нягледзячы на досыць сумныя рэальныя перспектывы бліжэйшага каляндарнага адрэзку, усім надзеі, веры ў добрае і радасцяў жыцця.
2024-ы год, дні якога ўжо паляцелі ў летапіс жыцця планеты, не абяцае нашаму свету нічога спакойнага. Гэта якраз той прагноз на бліжэйшую будучыню, у якім немагчыма памыліцца. Да гэтага трывожнага чакання падрыхтавалі нас некалькі папярэдніх гадоў, калі на зямлі адбываліся малааптымістычныя падзеі. Непаслядоўная палітыка моцных дэмакратычных дзяржаваў, рост агрэсіўнасці таталітарных рэжымаў і войны, прыродныя катаклізмы і пандэмія – усё гэта тыя з’явы, якія вызначаюць развіццё дзяржаваў на розных кантынентах. Нас натуральна найперш найбольш цікавіць наша усходнееўрапейская прастора і падзеі на ёй. І спакой тут, як пісаў класік, толькі сніцца.
Адкрытая вайна Расеі супраць Украіны, якой скора ўжо два гады, будзе вельмі істотна ўплываць і на падзеі ў Беларусі. Вайна гэтая набыла зацяжны і непрадказальны характар. Зразумела толькі адно – Расея і не збіраецца прыпыняць сваю агрэсію. Зараз цыркулюе інфармацыя, што Пуцін заявіў кітайскім партнёрам, што сваю «спецаперацыю» супраць Украіны ён мае намер весці яшчэ мінімум пяць гадоў. Цяпер якраз сканчаецца чарговы 12-гадовы цыкл кіравання Расей Пуціным і альбо ён бясслаўна закончыць сваё правадырства (на гэта пакуль нічога не паказвае), альбо пойдзе на чарговы тэрмін валадарання. І адпаведна новы віток канфрантацыі з рознымі краінамі еўрапейскай і сусветнай дэмакратыі. Апошнім часам Масква рэгулярна пагражае Фінляндыі, няма падставаў расслабляцца і іншым суседзям агрэсіўнай імперскай дзяржавы. Год пазначаны выбарамі прэзідэнта Расеі, якія прызначаны на 15-17 сакавіка і нішто, акрамя хіба нейкага «чорнага лебядзя», не перашкодзіць фээсбэшнікам аформіць на чарговыя 6 гадоў Пуціна на царства.
У Еўропе ўсё больш усведамляюць небяспеку расейскай пагрозы. Днямі нават міністр абароны Нідэрляндаў заявіў, што яго краіне трэба рыхтавацца да вайны з Масквой. Праўда, заявіў ён гэта перад самай адстаўкай, а да гэтага чамусці баяўся гаварыць. Бяда сённяшняй аб’яднананай Еўропы ў тым, што яна ня мае цвёрдай палітычнай волі. Як вобразна казала незабыўная Валерыя Навадворская, няма новых адважных чэрчыляў, а наўкола адны баязлівыя чэмберлены. Расплата за гэта будзе непазбежнай.
Галоўнай палітычнай падзеяй года чакаюцца прэзідэнцкія выбары ў ЗША, традыцыйна прызначаныя на лістапад. Сапраўдная інтрыга тут – хто ўсё ж з прэтэндэнтаў сыдзецца ў фінальным баі. Ёсць меркаванне, што дзеля таго каб паказаць знешнепалітычныя поспехі, адміністрацыя Байдэна ўрэшце істотна ўзмацніць ваенную дапамогу Украіне, што можа прывесці да вырашальнага пералому на карысць вызвалення акупаваных тэрыторый.
У Беларусі 25 лютага будзе праведзены так званы адзіны дзень галасавання. Тым самым аформіцца дэкаратыўная заканадаўчая галіна, а па-сутнасці ідэалагічная абслуга вярхоўнай рэальнай улады. Калі не адбудзецца нейкіх істотных знешніх уплываў, рэпрэсіі ў краіне будуць працягвацца і нарастаць. Як ні горка гэта асэнсоўваць, гэта можа прывесці і да новых смяротных ахвяраў сярод палітвязняў. Узмацніцца і пераслед наменклатуры, розных чыноўнікаў і нават праўладных бізнесоўцаў – створаная карная сістэма дзяржавы імкліва набліжаецца да той стадыі, калі пачынае жэрці сама сябе. Што дачычыць беларускай апазіцыі, якая знаходзіцца пераважна за мяжой, то напэўна варта чакаць новых скандалаў і канфліктаў у яе асяродках. У Польшчы таксама будзе неспакойна. Моцны раскол у палітычных элітах не надае асаблівага аптымізму.
Для тых, хто спадзяецца на адносна мірнае жыццё, год рыхтуе два значныя спартовыя форумы – гэта чэмпіянат Еўропы па футболе, які пройдзе ў дзесяці гарадах Германіі ў чэрвені-ліпені і сусветная летняя алімпіяда, якая адбудзецца ў сталіцы Францыі з 26 ліпеня па 11 жніўня. У перыяд правядзення гэтых спаборніцтваў узрастае рызыка здзяйснення тэрактаў у еўрапейскіх гарадах. Беларусі на футбольным Еўра ня будзе дакладна, а на алімпійскіх стадыёнах яна калі і будзе прадстаўлена, то толькі адзінкавымі спартоўцамі.
І, нягледзячы на досыць сумныя рэальныя перспектывы бліжэйшага каляндарнага адрэзку, усім пажадаю надзеі, веры ў добрае і радасцяў жыцця. З Новым Годам і Калядамі, шаноўныя чытачы!
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік “Ніва”, №1, 2024 год