Бюджэт Беларусі на 2024 год прыняты з вялікім дэфіцытам
Лукашэнка падпісаў закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 30 снежня.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 30 снежня.
Даходы бюджэту прадугледжваюцца ў суме каля 40 мільярдаў рублёў, выдаткі – больш за 44,5 мільярды. Дэфіцыт складае 4 мільярды 751 мільён рублёў, і гэта самы высокі яго ўзровень з пачатку грамадска-палітычнага крызісу ў краіне, заўважае “Позірк”. Яшчэ ў пачатку лістапада міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў у эфіры беларускага тэлебачання, што частка дэфіцыту бюджэту на наступны год абумоўленая “прыцягненнем звязанага фінансавання” на розныя праекты. Варта адзначыць, што ў новым бюджэце выдаткі на нацыянальную абарону і на войска павялічаныя на 29 працэнтаў па кожным з гэтым пунктаў.
Беларускія НПЗ выдаткуюць мільёны на абарону ад дронаў
На антыдронную абарону нафтавых рэзервуарных паркаў “Мазыр” і “Наваполацк” мяркуецца выдаткаваць каля 15 мільёнаў рублёў (амаль 5 млн долараў). Пра гэта крыніца, знаёмая з сітуацыяй, распавяла “Флагштоку”. У публічных крыніцах інфармацыя пра гэтую закупку адсутнічае.
Рэзервуарныя паркі ў Мазыры і Наваполацку мяжуюць з нафтаперапрацоўчымі заводамі. Упершыню ўлады задумаліся пра іх абарону пасля нападу на расейскі самалёт у Мачулішчах у сакавіку 2023 года. Мазырскі НПЗ тады вырашыў закупіць сістэму назірання за беспілотнікамі, аднак закуп так і не адбыўся.
У Верхнядзвінску павялічаць вытворчасць беларускай мацарэлы
У студзені ўнітарнае прадпрыемства “Верхні луг” у складзе ААТ “Верхнядзвінскі масласырзавод” запусціць новую камплектную лінію па апрацоўцы малака і вытворчасці мацарэлы. Гэта дазволіць перапрацоўваць да 50 тон малака за суткі і павялічыць выхад гатовай прадукцыі амаль у два разы, піша officelife. За суткі “Верхні луг” вырабляе каля 3,5 тон гатовай прадукцыі, гэта паўцвёрдыя сыры, тварог, сыры мяккія і з сыроваткі. Пасля запуску новай лініі плануюць пашырыць прысутнасць не толькі на ўнутраным рынку, але і на расейскім.
Таксама прадпрыемства зараз працуе над турэцкім белым сырам. Спецыялісты прапрацоўваюць дызайн, рыхтуюць дакументацыю.
800 злотых на кожнае дзіця і рост мінімальнага заробку ў Польшчы
З 1 студзеня 2024 года памер дапамогі па догляду за дзіцём у Польшчы для ўсіх асоб, якія маюць на гэта права, павялічваецца з 500 да 800 злотых. Такія змяненні ўносяцца папраўкамі ў Закон аб дзяржаўных дапамогах на выхаванне дзяцей, якія ўступілі ў сілу ў новым годзе. Мэта гэтых змяненняў — падтрымка сем’яў.
Таксама з новага года вырас памер мінімальнага заробку. Агулам сёлета мінімальны заробак вырасце двойчы. З першага студзеня ён складае 4 242 злотых брута, гэта на 642 злотых больш. З першага ліпеня будзе 4 300 злотых брута, то бок да выплаты падаткаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.