Новую залеж нафты адкрылі ў Гомельскай вобласці
Аб’ём новых залежаў нафты ацэньваецца прыкладна ў мільён тон.
Новая залеж нафты выяўлена ў Хойніцкім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці, паведамляе дзяржаўная кампанія “Беларуснафта”. Аб’ём новых залежаў нафты ацэньваецца прыкладна ў мільён тон.
Паводле звестак кампаніі, у мінулым годзе здабыча ў краіне павінна была скласці 1 мільён 850 тысяч тон. Усяго ў Беларусі выкарыстоўваецца 52 радовішчы нафты і газу. Працуе звыш тысячы свідравін. Прамысловая здабыча вядзецца з 1965 года, у асноўным у Прыпяцкім прагіне, які размешчаны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Пры гэтым у краіне ёсць два НПЗ у Мазыры і Наваполацку, якія здольныя штогод перапрацоўваць больш за 20 мільёнаў тон нафты.
Катлеты і адбіўныя цяпер друкуюць на 3D-прынтары
У Беларусі навукоўцы пачалі друкаваць на 3D-прынтары катлеты і адбіўныя, піша “Сельская газета”. Навукоўцы пераконваюць, што выкарыстоўваюць натуральную мясную сыравіну (свініну, ялавічыну, мяса куранят бройлераў).
“Без харчовых дабавак, кансервантаў, фарбавальнікаў, стабілізатараў, узмацняльнікаў густу, водару, — расказвае супрацоўніца Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Ірына Калтовіч. — Мы распрацавалі масу розных сумесяў з натуральнага мяса… Калі ў свеце ежу друкуюць на 3D-друкарках, то ўводзяць звычайна хімічныя дабаўкі, каб выраб трымаў форму. Палітыка інстытута ў цэлым — натуральнасць без усякай хіміі. Аналагаў у сусветнай практыцы нашым сумесям няма”, – кажа Калтовіч. Паводле яе, на завяршальным этапе даследаванняў знаходзіцца веганская каўбаса на аснове гародніны. (паводле “Еўрарадыё”)
Украіна распавяла пра страты з-за блакавання мяжы з Еўразвязам
Толькі за снежань бюджэт Украіны недаатрымаў больш за 8 млрд грыўняў, або 210,5 мільёнаў даляраў, з-за блакавання мяжы з ЕЗ краінамі-суседзямі. Такую лічбу агучыў дэпутат Вярхоўнай рады Яраслаў Жалязняк у сваім тэлеграм-канале.
Як прыгадвае Office Life, шостага лістапада польскія перавозчыкі пачалі блакіраваць памежныя пераезды на польска-ўкраінскай мяжы. Яны патрабавалі адмяніць ільготы Еўразвязу іх калегам з Украіны, у тым ліку аднавіць ранейшы парадак абавязковага ліцэнзавання для ўкраінскага камерцыйнага грузавога транспарту. Блакавалі мяжу з Украінай таксама славацкія і венгерскія аўтаперавозчыкі.
Дзярждоўг ЗША пераадолеў чарговую гістарычную мяжу
Агульны дзяржаўны доўг федэральнага ўрада ЗША упершыню дасягнуў 34 трыльёнаў даляраў. Пакуль гэты доўг не вельмі цяжкі для амерыканскай эканомікі, паколькі інвестары ўсё яшчэ гатовыя пазычаць грошы федэральнай ураду, набываючы дзяржаўныя аблігацыі. Гэта дазваляе ўладам ЗША надалей выдаткоўваць сродкі без неабходнасці павышэння падаткаў. Тым не менш, замежныя трымальнікі амерыканскага дзярждоўгу, такія як Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя і еўрапейскія краіны, ужо скарацілі свае запасы казначэйскіх аблігацый.
Да таго ж дынаміка доўгу ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі можа паставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку і асноўныя праграмы, у тым ліку сацыяльнае забеспячэнне і медыцынскую дапамогу, піша myfin.by.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: NEFT.by