Піт Паўплаў: Я заўжды падчас сваіх вандровак здымаю інтэрв’ю з цікавымі людзьмі
Цяпер творца ладзіць збор на дроны для беларускіх абаронцаў.
Падчас зімовых свят ва Украіне працягваюцца актыўныя баявыя дзеянні. «Таму я перакананы: ваяроў варта падтрымліваць заўсёды», – распавёў беларускі рок-музыка Піт Паўлаў.
Цяпер творца ладзіць збор на дроны для беларускіх абаронцаў. Раней жа ён наведваў Полк Кастуся Каліноўскага ва Украіне, пасля чаго выпусціў фільм «Гітара і аўтаматы». «Але ў гэтым відэа я яшчэ не ўсё сказаў», – адзначыў падчас размовы з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай Госць Рацыі Піт Паўлаў.
Піт Паўлаў: Па-першае, зараз на маім канале з’явіцца некалькі інтэрвʼю, якія былі тады запісаныя, і якія не трапілі ні ў фільм, ні ў пашыраную версію. Там толькі элементы гэтых інтэрвʼю ёсць у рэпартажы. І я зараз ужо атрымаў ад Белсату дазвол на карыстанне гэтымі матарʼяламі, і на маім ютуб-канале хутка зʼявіцца гэтыя інтэрвʼю. Вельмі цікавыя, вельмі насычаныя, і, як сказаў Сяргей Пеляса, які даўно ў тэме, там ёсць факты, якіх не было ў папярэдніх інтэрвʼю, што проста дзякуючы ўсёй гэтай атмасферы з іншага боку раскрыліся нейкія старонкі. Гэта першае.
Другое, натуральна, я ўвесь час займаюся тым, што здымаю нейкія інтэрвʼю са значнымі людзьмі. Напрыклад, зараз я быў у Дусэльдорфе з канцэртам для беларусаў. У мене атрымалася сустрэцца з даволі значнай постаццю – Андрэем Дурэйкам. Андрэй Дурэйка – гэта дзеяч нашага Беларускага мастацтва ў эміграцыі, і нават проста дзеяч Беларускага мастацтва. Ён мастацтвазнаўца, ён сам значны мастак.
Я з ім пазнаёміўся на самай першай знакавай такой выставе, якую яны рабілі ў палацы мастацтва, і яна называлася, здаецца, «Уроки нехорошого искусства». Усіх удзельнікаў гэтай выставы тады рэпрэсавалі, іх усіх павыганялі з Акадэміі мастацтва, усіх. І большасць з іх з’ехала менавіта ў Дусэльдорф, таму што ў Дусэльдорфе адна з самых моцных у Еўропе на той момант была менавіта школаў мастацтва, сучаснага мастацтва. Там выкладала Юкер.
Я зараз не ўсе прозвішчы назаву, таму што я не мастак, але туды ж трапіла і мая жонка Зоя Луцэвіч, крыху са спазненнем, яе таксама выгналі проста праз год. І яна там вучылася два гады. Шмат хто скончыў, і зараз гэтая хваля з гэтых людзей, гэта і ёсць сучаснае беларускае мастацтва.
Тыя, хто засталіся ў Беларусі, ну, нельга сказаць, што зусім нічога. Але ўсё ж такі, лепшых тады пагналі, менавіта за сучаснасць. І яны апынуліся там за мяжой і стварылі даволі заўважную хвалю беларускага мастацтва менавіта там.
Вось я сустрэўся з Андрэем Дурэйкам, і ён мяне правёў па самых беларускіх месцах Дусэльдорфу і не толькі. І мы патрапілі на выставу Хаіма Суціна. Гэта адна з двух самых галоўных зорак беларускага жывапісу. Шагал і Суцін – гэта самыя вялікія зоркі. Я не кажу пра Малевіча, я не кажу пра Кандзінскага, таму што іх часта досыць справядліва асацыююць ужо з расейскім мастацтвам, але вось гэтыя два чалавекі – гэта проста нашыя, якія былі выціснутыя з краіны, як мы зараз, і рэалізаваліся за мяжой.
Збор мае назву «Дроны – вочы вайны». Спасылку на яе можна знайсці ў сацсетках Піта Паўлава. «Я заклікаю ўсіх далучацца і дапамагаць ваярам ва Украіне», – дадаў Піт Паўлаў.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя