Дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у Польшчы будзе дзве
Пра гэта паведаміў Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і парламенцкай супрацы.
У Польшчы будуць дзве дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь». Пра гэта паведаміў Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і парламенцкай супрацы.
«Працоўны пульс Сейму і Сенату Польшчы не супадае. Іх сесіі праходзяць у розны час, а для нас важна, каб парламентарыі «заражаныя вірусам беларускасці», прыязджаючы ў Варшаву, абавязкова працавалі паводле беларускага парадку дня», – заявіў палітык.
Анатоль Лябедзька назваў Польшчу адным з найважнейшых складнікаў міжнароднай кааліцыі па Беларусі, а таму «чым больш польскіх палітыкаў будуць займацца беларускім кейсам, тым больш эфектыўнай будзе наша сумесная праца». «Цяпер мы ў рэжыме кансультацый, і з дэпутатамі, і з сенатарамі, але ўжо ў бліжэйшыя дні могуць рушыць услед афіцыйныя заявы аб стварэнні груп у Сейме і Сенаце Польшчы», – сказаў Лябедзька.
Агулам цяпер дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь» ёсць у 23 нацыянальных парламентах, якія аб’ядналіся ў альянс.