Ліна Габт: Прыкладам для мяне была Ніна Багінская
У студыі Беларускага Радыё Рацыя госця Ліна Габт, актывістка, і як усе беларусы, крэатыўная.
— Я нарадзілася ў Расеі, у Сібіры, а потым сям’я пераехала ў Беларусь. Я ніколі беларускай мовы не вучыла, на жаль. 16 гадоў я пражыла ў Беларусі, атрымала вышэйшую адукацыю, потым закахалася ў аднаго немца добрага, і ў 1981 годзе пераехала ў Нямеччыну, тады яшчэ ў ГДР.
РР: У вас вельмі крэатыўны вобраз. Ці можаце яго апісаць? Відаць, што вы нібы закахаліся ў Беларусь.
— Сувязь з Беларуссю заўсёды заставалася, хоць у мяне дзеці нарадзіліся ў Нямеччыне, сама жыла і працавала ў Нямеччыне, але калі пачаліся падзеі ў Менску, выбары і ўсё гэта, я не магла прайсці міма. Кожны сумленны чалавек, у каго яшчэ ёсць розум, ён стане на бок праўды. І таму я стала актыўна хадзіць на ўсякія акцыі, і больш цікавіцца гісторыяй, мастацтвам, традыцыямі Беларусі, таму ў мяне такая прычоска, паходзіць на панка, я пафарбавала валасы ў бела-чырвоны-белы колер, так як наш сцяг. Бо прыкладам для мяне была Ніна Багінская, што заўсёды хадзіла са сцягам і сцяг амапаўцы заўсёды забіралі, я падумала, калі я так зраблю з маімі валасамі, мой сцяг ніхто не забярэ.
Надзея жыве і будзе жыць вечна, але ёсць і боль у сэрцы, бо гэта вельмі цяжка — сказала на развітанне Ліна Габт.
Беларускае Радыё Рацыя