Павел Латушка: Працуем, каб беларуская меншасць чулася добра ў Польшчы
Кіраўнік Народнага антыкрызінага ўпраўлення Павел Латушка адказаў на пытанні
Сённяшні чарговы госць — намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызінага ўпраўлення Павел Латушка.
– Вельмі важна, што суседняя краіна, сябар Еўрапейскага звязу, адзін з буйнейшых сябраў Еўрапейскага звязу, займае ясную, адкрытую, адназначную пазіцыю ў падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі і дэмакратычнай незалежнай і праеўрапейскай будучыні нашай краіны. Тое, што адбываюцца сустрэчы з практычна ўсім вышэйшым кіраўніцтвам Польшчы з новымі сябрамі ўраду, новымі кіраўнікамі парламенту Польшчы.
РР: Вы пэўна ведаеце школы з вывучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падляшскім. Ці закраналася гэтая тэма, бо ёсць праблема, што беларуская мова пры папярэднім міністры адукацыі нібы адыходзіла на другі план і ўвогуле можа не вывучацца ў гэтых школах і ўвогуле можа не вывучацца ў гэтых школах, а гэта вельмі важнае пытанне для беларускай нацыянальнай меншасці, што тут існуе.
– Першае, мы выказалі абсалютную падтрымку польскай этнічнай меншасці, якая таксама знаходзіцца пад рэпрэсіямі ў Беларусі, польскім актывістам, Анджэю Пачобуту, які з’яўляецца палітычным зняволеным. І калі мы паглядзім у будучыню, мы запэўнілі польскі бок, што мы зробім усё, каб польская мова адукацыі была свабодная, каб людзі маглі свабодна жыць у краіне, дзе захоўваюць іх правы, як польскай этнічнай нацыянальнай меншасці. Такія гаранты вельмі важна сёння падкрэсліваць. З другога боку мы клапоцімся і пра беларусаў, беларускую этнічную меншасць, што пражывае тут у Польшчы. Мы размаўлялі і з маршалкам Сейма спадаром Галоўнем, які абраны ад Беластоку і ведае Беласточчыну, ведае гэтыя праблемы. З міністрам адукацыі мы таксама размаўлялі на гэтую тэму. Яны прыхільныя таму, каб стварыць усе мажлівыя варункі, зрабіць захады, каб беларуская этнічная меншасць чулася добра ў Польшчы. На жаль, справа, звязаная з ліцэямі знаходзіцца ў судзе і пакуль не будзе прынята адпаведнага судовага рашэння, як мы зразумелі, адміністратыўныя рашэнні абмежаваныя. Але з боку новых уладаў Польшчы ёсць абсалютнае разуменне важнасці захавання правоў беларускай этнічнай меншасці, што пражывае ў Польшчы. Гэтую тэму мы будзем таксама падымаць у Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы, бо фінансаванне этнічных меншасцяў ёсць у кампетэнцыі Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.
З намі быў намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызінага ўпраўлення Павел Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя