А найбольшае захапленне — лялькі
Вельмі творчая і захопленая натура — так у двух словах можна ахарактарызаваць пастаўчанку Юлію Калядзіну. Яна заўсёды гатова спрабаваць штосьці новае, дзе неабходны майстэрства рук і свабода мыслення.
Цяга да творчасці абудзілася ў Юлі яшчэ ў дзяцінстве. З малодшых класаў школы нядрэнна малявала, з задавальненнем наведвала гурток па рукадзеллі, у якім вязала кручком і шыла цацкі. Тады ж пачала пісаць вершы і прозу і ўдзельнічаць ва ўсемагчымых літаратурных конкурсах — ад раённых да рэспубліканскіх. На працягу некалькіх гадоў друкавалася ў газеце “Раніца”, была таксама юнкорам “Пастаўскага краю”. Здавалася б, ісці дзяўчыне ў журналістыку, тым больш што і адпаведныя курсы ЕШКА закончыла. Але пабаялася праваліцца на ўступных іспытах і выбрала Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, вырашыўшы: спецыяльнасць мадэльера-канструктара не будзе лішняй у жыцці.
Пасля заканчэння каледжа амаль 5 гадоў адпрацавала закройшчыцай у швейным атэлье “Сілуэт” у Паставах. За гэты час з дапамогай калег стварыла дзве калекцыі адзення. Адна з іх пад назвай “Золата Клеапатры” прымала ўдзел у абласным конкурсе сярод арганізацый, якія займаюцца пашывам адзення, і навучальных устаноў швейнага профілю і была высока ацэнена спецыялістамі. Потым гэту калекцыю вазілі паказваць у Мінск. Але год назад Юлія вырашыла змяніць месца работы і перайшла ў Дом рамёстваў “Стары млын”. Кажа, што тут ёй вельмі падабаецца, бо адчувае бязмежную прастору для творчасці.
Ю. Калядзіна — спецыяліст па народным касцюме і аўтар летняга варыянта традыцыйнага жаночага ўбору, які раней бытаваў на Пастаўшчыне. Яго прэзентавала на “Славянскім базары ў Віцебску”. Зараз працуе над зімовым варыянтам касцюма, які збіраецца адправіць на выставу-конкурс “Сцяжкі майстэрства”, што будзе праходзіць з 15 сакавіка па 7 красавіка ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Разам з тым займаецца вырабам тэкстыльных лялек.
— Лялькі — маё самае вялікае захапленне, — гаварыла дзяўчына. — Раней гэта было проста хобі, цяпер — прафесійны занятак. Хачу зрабіць калекцыю бабулек у розных касцюмах.
У вольны час Юлія працягвае шыць адзенне для сябе і сваіх блізкіх, крыху малюе для душы і па-ранейшаму піша вершы і прозу. У планах дзяўчыны навучыцца ткаць на станку, рабіць кветкі з фаамірану (яго яшчэ называюць пластычнай замшай), працаваць са скурай і палімернай глінай. Можна не сумнявацца, што ўсё гэта яна асвоіць, бо мае вялікае жаданне тварыць.
Алена ШАПАВАЛАВА.
Фота аўтара.