Маляваць для мяне — сапраўднае задавальненне
Дзякуючы сучасным тэхналогіям, “пабываць” у Луўры, Эрмітажы і іншых сусветнавядомых музеях, убачыць карціны знакамітых мастакоў і сучасных аўтараў можна, не выходзячы з дома. Адзін з такіх спецыялізаваных вэб-рэсурсаў для тых, хто цікавіцца мастацтвам, а таксама тых, хто яго стварае, — расійскі сайт Gallerix.
У інтэрнэт-галерэі на ім прадстаўлена каля 170-ці тысяч работ амаль дзесяці тысяч вядомых мастакоў, а ў артклубе зарэгістравана прыблізна трыццаць тысяч сучасных творцаў (прафесіяналаў і аматараў) і выстаўлена на агляд больш за 310 тысяч работ. Гэта жывапіс, графіка, фатаграфіі, скульптура, іканапіс і іншыя віды мастацтва. Ёсць нават дзіцячыя малюнкі.
“Вандруючы” па старонках сайта, натрапіла на работы пастаўчаніна Сяргея Фарманюка і не змагла ўтрымацца, каб не пагаварыць на тэму творчасці з аўтарам.
— Здольнасці да малявання праявіліся ўжо ў дзіцячым садку — мае малюнкі заўсёды віселі на стэндзе ў ліку лепшых. А яшчэ вельмі падабалася ствараць разнастайныя вырабы, — расказваў Сяргей. — У школьныя гады займаўся афармленнем насценгазеты. Дома, употай ад бацькоў, прыдумваў і шыў уборы, выварваў джынсы (смяецца).
Прымяненне творчым здольнасцям знайшлося і ў дарослым жыцці — падчас тэрміновай службы ўваходзіў у склад чарцёжнага бюро, затым, калі служыў па кантракце ў Асобным авіяцыйным атрадзе органаў пагранічнай службы, займаўся афармленнем афіш, чарчэннем планаў. А ў 2010 годзе стаў сааўтарам помніка загінулым пры крушэнні верталёта ў Брэсцкай вобласці лётчыкам польскай пагранічнай службы. Памятны знак устаноўлены па ініцыятыве і на сродкі беларускіх пагранічнікаў на адлегласці 25 метраў ад лініі Дзяржаўнай граніцы. Ён уяўляе сабой гранітны пастамент, на якім — дзве стэлы, што сімвалізуюць разарваныя крылы верталёта. Прасвет паміж імі ўтварае каталіцкі крыж. На конкурснай аснове для вырабу помніка выбраны эскіз Сяргея Фарманюка.
У вольны час Сяргей Мікалаевіч малюе карціны. Ідэі для іх стварэння нараджаюцца ў галаве, з’яўляюцца пры сузіранні навакольнага свету, рэчаў, з’яў, работ іншых мастакоў. Але нават у апошнім выпадку ўласныя палотны атрымліваюцца не падобнымі на тыя, што прымусілі ўзяць у рукі аловак альбо пэндзаль.
— Раней маляваў усім, што траплялася пад руку: алоўкамі, фламастарамі, акварэллю, — дзяліўся Сяргей. — Апошнія тры гады выкарыстоўваю ў асноўным алейныя і акрылавыя фарбы. Сам вырабляю падрамнікі для карцін, нацягваю палотны. Маляваць для мяне — сапраўднае задавальненне. Калі прыходзіць натхненне, кідаю ўсе справы і магу прасядзець за работай нават да раніцы — настолькі хутка тады бяжыць час.
У арсенале мастака-аматара каля ста карцін. На іх адлюстраваны пейзажы, нацюрморты, архітэктурныя ансамблі, кветкі і іншае. Некаторыя дорыць сябрам і родным, астатнія захоўвае дома. Для таго, каб іх змаглі ўбачыць не толькі блізкія людзі, нядаўна зарэгістраваўся на сайце Gallerix, куды і змяшчае фотаздымкі сваіх работ. Зараз Сяргей Фарманюк уваходзіць у лік 600 самых папулярных аўтараў сайта. Гэты рэйтынг вызначаецца па колькасці работ, выстаўленных на агляд, колькасці наведвальнікаў, каментарыяў і іншых паказчыках. Мой суразмоўца прызнаецца, што нават і не чакаў такой цікавасці да сваіх работ, таму тым больш прыемна чытаць станоўчыя водгукі, усведамляць, што людзям падабаецца яго творчасць.
Карціны — не адзінае захапленне Сяргея. Цікавіцца роспісам машын, сцен у пакоях, альтанак і моташлемаў. Убачыць фотаздымкі работ нашага земляка можна па адрасе https://kompish.in.gallerix.ru, а таксама ў сацыяльных сетках. Пацікаўцеся — атрымаеце асалоду.
Вераніка ФІЛАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена С. ФАРМАНЮКОМ.
ист: