Валютныя пазычальнікі перакрылі вуліцу ў цэнтры Масквы
Некалькі дзясяткаў кліентаў расейскага банку «Дельтакредит», якія ўзялі ў банку валютную іпатэку, увечары 27 студзеня перакрылі на некалькі хвілін 1-ю Цвярскую-Ямскую вуліцу ў цэнтры Масквы. Іх адціснула паліцыя.
Відэа з Фэйсбуку карэспандэнта The New Times Георгія Аляксандрава:
Валютныя пазычальнікі пратэстуюць супраць рашэньня кіраўніцтва банку, якое адмовіла ім у просьбе пералічыць запазычанасьць у сувязі з рэзкім падзеньнем курсу рубля, — паведамляе тэлеканал «Масква-24». Усяго каля будынка банку ў Маскве сёньня зьбіралася да 300 пратэстоўцаў, у тым ліку дзеці пазычальнікаў ў касьцюмах, якія нагадваюць турэмныя робы.
За апошнія дні ў Маскве прайшлі некалькі акцый пратэсту валютных пазычальнікаў, у прыватнасьці, кліентаў Росбанку, «Райфайзэнбанку» і іншых банкаў.
Кіраўнік ураду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў у сераду заявіў, што на рашэньне праблем пазычальнікаў, якія не могуць справіцца з плацяжамі, было выдзелена 4,5 мільярда рублёў. Удзельнікі акцыі кліентаў «Дэльта-крэдыту» назвалі абяцаньні Мядзьведзева «поўнай лухтой» — паведамляе Масква-24.