На Бацькаўшчыну не вярнуўся
Беларускі мовазнавец Янка Бялькевіч (1883-1960), якому 6 сакавіка споўняецца 140 гадоў з дня нараджэння, нарадзіўся на Слонімшчыне ў вёсцы Варонічы.
Artykuł На Бацькаўшчыну не вярнуўся pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларускі мовазнавец Янка Бялькевіч (1883-1960), якому 6 сакавіка споўняецца 140 гадоў з дня нараджэння, нарадзіўся на Слонімшчыне ў вёсцы Варонічы. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, пасля чаго быў загадчыкам чатырохкласнай школы ў вёсцы Бракава Слонімскага павета.
Перад пачаткам Першай сусветнай вайны сям’ю Бялькевічаў, як і тысячы беларускіх сем’яў, выгналі ў бежанства ў Расею. Бялькевічы апынуліся ў Саратаўскай вобласці. Там было цяжка, і ў 1919 годзе беларусы вярнуліся на Бацькаўшчыну. Янка Бялькевіч пачаў працаваць загадчыкам Вароніцкай беларускай школы, потым інспектарам беларускіх школ Слонімскага павета. Шмат чытаў беларускіх выданняў з Вільні. Бежанства далося ім не дужа лёгка, як і астатнім беларусам, якія змаглі вярнуцца дамоў. А тут трэба было пачынаць жыццё па-новаму.
Для паглыблення сваіх педагагічных ведаў Янка Бялькевіч паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне толькі што адкрытага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён не прапускаў ніводнай лекцыі, выступаў на семінарах з грунтоўнымі навуковымі рэфератамі па пытаннях беларускай філалогіі, удзельнічаў у розных гуртках. Яшчэ студэнтам Янка Бялькевіч па заданню слоўнікавай камісіі Інбелкульта збірае лексічны матэрыял для тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, распісваючы на карткі творы Ядвігіна Ш. і Максіма Багдановіча. Адначасова студэнт Бялькевіч запісвае і сістэматызуе беларускія словы з іншамоўнымі каранямі, мяркуючы скласці слоўнік іх.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Янка Бялькевіч стаў працаваць дырэктарам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума. Па просьбе слоўнікавай камісіі Інбенкульта ён збірае і сістэматызуе матэрыялы для дыялектнага слоўніка ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. У вольны час мовазнавец выязджае ў раёны, запісвае новыя словы і правярае запісаныя. Напрыканцы 1926 года картатэка будучага слоўніка ўжо налічвала 15 тысяч лексічных адзінак…
Але праца Янкі Бялькевіча была спынена ў 1930 годзе. Яго беспадстаўна абвінавацілі ў нацыяналізме і выслалі за межы Беларусі. Працаваў беларус на лесапавалах, потым жыў у Азова-Чарнаморскім краі, у Марыупалі, быў інжынерам-метадыстам Данецкага будаўнічага тэхнікума.
У 1960 годзе Янкі Бялькевіча не стала. Ён так і не атрымаў дазволу вярнуцца на Радзіму. Пасля яго смерці ў 1970 годзе родныя і блізкія яму людзі выдалі “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны”, над якім Янка Бялькевіч працаваў шмат гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł На Бацькаўшчыну не вярнуўся pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.