Мы в Telegram
Добавить новость
smi24.net
World News in Belarusian
Март
2023

Даследавала беларускую паэзію

0

7 сакавіка споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння беларускай літаратуразнаўцы і крытыка Алы Кабаковіч.

Artykuł Даследавала беларускую паэзію pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.

7 сакавіка споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння беларускай літаратуразнаўцы і крытыка Алы Кабаковіч (1943-1985).

Яна нарадзілася 7 сакавіка 1943 года ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька Канстанцін Карпавіч Кабаковіч у пошуках заробку ў 1930-я гады ездзіў у Аргенціну, а ў ліпені 1942 года быў расстраляны гітлераўцамі як партызан. Маці, Надзея Сяргееўна Замкавец, працавала ў калгасе. Дзяўчынка расла сіратой, была ўражлівай, чулая да людскога болю, удзячная да самага малога выяўлення ўвагі. Ала Кабаковіч у 1959 годзе з залатым медалём закончыла Гутаўскую сярэднюю школу. У 1964 годзе з адзнакай закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Два гады дзяўчына працавала ў сістэме Дзяржкамітэта БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні. Як журналістка рыхтавала радыёпастаноўкі паводле твораў Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Вярцінскага і іншых паэтаў. У 1966 годзе па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў БССР Ала Кабаковіч паступіла ў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве на перакладчыцкі факультэт, які закончыла ў 1971 годзе. Першыя яе вершы былі надрукаваны ў часопісе «Нёман» у 1970 годзе. Адначасова з вучобай працавала ў рэдакцыі часопіса «Дружба народов», дзе публікавала свае пераклады з беларускай мовы вершаў Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Вярцінскага.

Пісала вершы на беларускай і рускай мовах, вабіла яе і польская літаратура — добра ведала польскую мову. Як слухачка славістычных курсаў пры Варшаўскім універсітэце ў 1969–1971 гадах Ала Кабаковіч выязджала ў Польшчу. З 1971 года працавала навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук БССР. За час працы абараніла дысертацыю кандыдата філалагічных навук, выдала кнігі “Паэзія Максіма Багдановіча. Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага”, “Беларускі свабодны верш” (1984). Была суаўтарам манаграфіі “Паэзія абноўленага свету”, дзе зрабіла панарамны агляд усемагчымых творчых эксперыментаў, на якія была такая багатая беларуская паэзія таго перыяду.

Сапраўдная паляшучка не толькі таму, што нарадзілася і гадавалася ў глушы Палесся, але, дзеля спрэчкі, азартна штудзіравала вышэйшую матэматыку і сапрамат: не богі гаршкі лепяць! Яна, каб лёс склаўся, магла б стаць добрым кулінарам, мадэльерам, урачом.

Ала Кабаковіч пайшла туды, куды клікала прызванне і жаданне аддзячыць людзям за дабро і спачуванне ў цяжкія гады, стала радыёжурналісткай. А потым апанавала яе жаданне пісаць вершы. Да лёсу сваіх вершаў адносілася досыць абыякава. Друкавалася рэдка. Найчасцей пісала-запісвала вершы на нейкіх лістках, у блакнотах, пісьмах і забывала пра іх. Сціпласць і павага да роднага слова, дзе працуюць майстры, утрымлівалі яе. Жыццялюбства Ала Кабаковіч увасобілася перш за ўсе ў любові да Радзімы, да роднага слова, у замілаванні да людзей, сярод якіх узгадавалася.

Ала Кабаковіч заўчасна памерла 11 лютага 1985 года. Яна пахавана на Паўночных могілках г. Менска.

Ужо пасля смерці выйшла з друку яе навуковая праца “Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі” (1989). У кнізе выбранага Алы Кабаковіч “Пасеянае ўзыдзе” апублікаваны вершы, пераклады і шматлікія артыкулы і рэцэнзіі, у якіх даследуецца творчасць нашых паэтаў Максіма Танка, Міхася Стральцова, Рыгора Барадуліна, Раісы Баравіковай, Пятруся Макаля і іншых.

Беларускае Радыё Рацыя 

Artykuł Даследавала беларускую паэзію pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.











СМИ24.net — правдивые новости, непрерывно 24/7 на русском языке с ежеминутным обновлением *