Леакадзія Коян: Мы выраслі з ініцыятывы ў фонд
Выраз "беларус беларусу беларус" вызначаецца штодзённа ў дабрачынным фондзе "Дар лёсу".
Artykuł Леакадзія Коян: Мы выраслі з ініцыятывы ў фонд pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Выраз „беларус беларусу беларус” вызначаецца штодзённа ў дабрачынным фондзе „Дар лёсу”. Фонд размяшчаецца ў касцёле св. Аляксандра ў Варшаве.
Пра гэтую арганізацыю, якая ўзнікла ў 2021 годзе, мы паразмаўлялі з Леакадзіяй Коян:
РР: Каму і якую дапамогу вы аказалі за гэты час? Вы вядзеце нейкі ўлік?
– Мы выраслі з ініцыятывы ў фонд, гэта такое наша дасягненне, фонд „Дар лёсу”. Часта мы знаходзім адзін аднаго выпадкова і акрамя як дарам лёсу гэта не назваць. Усё гэта было напэўна нашым лёсам, усёй нашай каманды, апынуцца тут у касцёле і аказваць дапамогу. Мы вядзём улік наведванняў. На дадзены момант я не магу назваць дакладную лічбу, але гэта дакладна больш 22 тысяч чалавек, якія наведалі наш фонд і атрымалі тут разнастайную дапамогу. Беларусаў мы пачалі лічыць не так даўно, я думаю што больш за 2,5 тысячы, напэўна каля 3 тысяч. Многіх беларусаў мы не ўлічваем, бо мы не пакідаем пра іх ніякіх дадзеных, не збіраем, бо гэтыя людзі баяцца.
РР: Ці звяртаюцца да вас у асноўным тыя, што ўцяклі? ЦІ тыя, што жывуць?
– Асноўныя групы, камы мы дапамагаем, гэта рэпрэсаваныя беларусы, маюць тут статус міжнароднай дапамогі, уцекача або чакаюць разгляду. Гэта і ўкраінцы, якія з’ехалі пасля пачатку вайны, увесь час знаходзяцца і на жаль не могуць вярнуцца, бо зоны, з якіх яны выехалі, разбураныя або знаходзяцца пад акупацыяй. Гэта асноўныя групы людзей, якім мы аказваем дапамогу. Канешне, калі чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, які да нас звяртаецца, то мы ніколі не пакінем на вуліцы без дапамогі, мы акажам усю магчымую дапамогу. Калі мы не можам гэтага зрабіць самі, то значыць мы абавязкова накіруем чалавека туды, дзе яму акажуць дапамогу. У нас не было такога, каб мы камусьці не дапамаглі.
РР: Мне вядома, што дапамагаеце беларусам, якія сядзяць на „хіміі” і беспрацоўным?
– Так, мы стараемся дапамагаць. Не скажу, што гэта лёгка, канешне ў Польшчы гэта лягчэй. Чалавек прыходзіць, мы тут яму ўсё даем. Мы стараемся аказваць дапамогу тым, хто ў турме, удзельнічаем у зборы пасылак.
РР: З чаго вы пачыналі?
– Групы валанцёраў, энтузіястаў. Нам вельмі хацелася зрабіць штосьці добрае, нам вельмі хацелася дапамагаць беларусам. Гэта група неверагодных людзей, добрых сэрцам, за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. У Польшчы на той час дапамога была арганізавана не вельмі добра, нягледзячы на тое, што тады ўжо існаваў „Цэнтр беларускай салідарнасці”, быў „Беларускі дом”. Была такая плынь беларусаў, што яны захлыналіся. Мы тыя, хто сам прайшоў шлях экстраннай эміграцыі. Усе ўдзельнікі нашай групы прайшлі шлях экстраннай эміграцыі. Мы дакладна ведам з чым чалавек сутыкаецца і што ён адчувае на тым ці іншым этапе гэтай эміграцыі. Мы разумелі, што трэба гэтаму чалавеку. На жаль такія арганізацыі, як „Цэнтр беларускай салідарнасці”, „Беларускі Дом” пры ўсёй нашай павазе, гэта арганізацыі, якія знаходзяцца тут ужо з 2010-2014 года. Яны ўжо забылі, што гэта такое. Дзякуй ім вялікі, яны аказвалі кансультацыйную дапамогу, але мы разумелі, што трэба. Гэта была новая хваля, новыя людзі і ім хацелася, каб іх разумелі. Так нарадзілася гэтая ініцыятыва. Мы прыйшлі на службу да Вячаслава Барка, падышлі пасля службы, нас было 40 чалавек. Мы папрасілі дапамогі ў арганізацыі месца, дзе мы маглі б аказваць дапамогу, куды чалавек мог бы прыйсці, атрымаць кансультацыю, атрымаць прадукты, рэчы, усё што неабходна на першы час.
З „Госцяй Рацыі” Леакадзіяй Коян размаўляла карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Леакадзія Коян: Мы выраслі з ініцыятывы ў фонд pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.