Хакеісты „Металурга” параўнялі лік у чвэрцьфінальнай серыі
У нядзелю двума матчамі ў Гомелі і Салігорску працягнуўся першы раунд плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі.
Artykuł Хакеісты „Металурга” параўнялі лік у чвэрцьфінальнай серыі pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У нядзелю двума матчамі ў Гомелі і Салігорску працягнуўся першы раунд плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. У Гомелі адбылася другая сустрэча ў серыі мясцовага клуба і жлобінскага „Металурга”. Асноўны час паядынку скончыўся ўнічыю – 2:2, а ў авертайме вікторыю дзеючым чэмпіёнам краіны прынёс Ігар Угольнікаў. Такім чынам, лік у супрацьстаянні да чатырох перамог параўняўся 1:1, два наступныя матчы паміж „Гомелем” і „Металургам” пройдуць 14 і 16 сакавіка ў Жлобіне.
Пераможца рэгулярнага чэмпіянату „Шахцёр”, у сваю чаргу, умацаваў перавагу ў двубоі супраць „Дынама-Маладзечна” 2:0. У другім матчы каманд у Салігорску „гарнякі” былі мацней з лікам 3:1, дублем за гаспадароў вызначыўся Міхаіл Шалагін. Далей супернікі пераедуць у Маладзечна, дзе правядуць дзве гульні. Сёння будуць згуляны другія матчы ў дзвюх іншых парах першага раунда плэй-оф. У 19.00 у Менску стартуе паядынак „Юнацтва” і „Віцебска”, у 20.10 на лёд у Гародні выйдуць хакеісты „Нёмана” і наваполацкага „Хіміка”. Перамогі ў дэбютных гульнях святкавалі менчукі і гарадзенцы.
Салаўёў дапамог „Калгары” здабыць пятую перамогу запар у АХЛ
„Калгары” ў гасцях узяў верх над „Антарыё” — 4:3 у рэгулярным чэмпіянаце Амерыканскай хакейнай лігі. Беларускі абаронца „Калгары” Ілья Салаўёў выходзіў у стартавай пары абароны і закінуў шайбу на 55-й хвіліне, вывеўшы сваю каманду наперад 3:2. Ён таксама выканаў 3 кідкі па брамцы і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „+1”, інфармуе ФХБ. У 56 матчах цяперашняга чэмпіянату АХЛ Ілля Салаўёў набраў 13 (2+11) ачкоў пры 30 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+7”. „Калгары” здабыў пятую перамогу запар у АХЛ і з 87 ачкамі ў 60 матчах лідыруе як у Заходняй канферэнцыі, так і ў агульнай табліцы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ. „Калгары” першым у лізе забяспечыў сабе пуцёўку ў плэй-оф.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” трэці раз выйгралі Суперкубак Беларусі
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” трэці раз запар сталі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі сярод жаночых каманд. У паядынку за першы трафей новага сезона падначаленыя Юрыя Малеева адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці ФК „Мінск” – 4:2. У канцы першай паловы сустрэчы Ганна Піліпенка вывела дынамавак наперад, а ў кампенсаваны час другога тайма Ксенія Кубічная зраўняла лік – 1:1. Героем серыі пенальці стала галкіпер „Дынама-БДУФК” Кацярына Уласевіч, якая адбіла два ўдары суперніц. Чарговы чэмпіянат Беларусі сярод жаночых каманд стартуе 17 сакавіка. У турніры прымуць удзел 11 клубаў, якія згуляюць у тры круга. Дэбютантам нацыянальнага першынства стане ДЮСШ-ПалесДУ з Пінска.
Хаві і „Барселона” падоўжаць кантракт да 2026 года
Кіраўніцтва „Барселоны” плануе ў хуткім часе прапанаваць новы кантракт галоўнаму трэнеру каталонцаў Хаві. Аб гэтым паведамляе Marca. Паводле інфармацыі выдання, спецыяліст шчаслівы ў камандзе і гатовы прыняць прапанову. Дзеючы кантракт 43-гадовага Хаві з „Барселонай” разлічаны да чэрвеня 2024 года. „Сіне-гранатавыя” ўзначальваюць турнірную табліцу чэмпіянату Іспаніі з 65 ачкамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Хакеісты „Металурга” параўнялі лік у чвэрцьфінальнай серыі pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.