Агляд прэсы: быць напагатове
Ці можна дамовіцца з Лукашэнкам? Фінляндыя: адной нагой у НАТА. Турцыя напярэдадні выбараў. Францыя: пенсіённая рэформа ў абыход парламента?
Artykuł Агляд прэсы: быць напагатове pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Ці можна дамовіцца з Лукашэнкам? Фінляндыя: адной нагой у НАТА. Турцыя напярэдадні выбараў. Францыя: пенсіённая рэформа ў абыход парламента? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Агулам толькі 15% беларусаў лічаць, што краіне не патрэбныя рэформы; большасць лічыць, што так. На фоне гэтых настрояў у грамадстве можна толькі змястоўна абмяркоўваць падзеі ўнутры Беларусі і меркаванні аб тым, як на іх паўплываць. З аднаго боку, у сувязі з меркаваным нападам на расейскі самалёт А-50 Лукашэнка выконвае абяцанне актывізаваць затрыманне ўсіх, хто прытрымліваецца «экстрэмісцкіх» поглядаў. А з другога, апазіцыя аднавіла дыскусію наконт таго, ці можна дамаўляцца з Лукашэнкам», – піша амерыканскае выданне The Jamestown Foundation.
«Апазіцыя ў выгнанні дэманструе нязгоду ў пытанні перамоваў з Лукашэнкам. Калі адны сцьвярджаюць, што прэзідэнта Беларусі трэба спачатку прыціснуць санкцыямі, таму ён сам ініцыюе перамовы, то другія дэманструюць гатоўнасць дамаўляцца ў любы час і мяркуюць, што закрыццё Польшчай памежных пераходаў толькі шкодзіць простым беларусам. У знак пратэсту супраць такога «здрадніцкага» стаўленьня былы міністар культуры і амбасадар Павал Латушка пакінуў Каардынацыйную раду — прадстаўнічы орган беларускай апазыцыі ў выгнанні. Цяжка, аднак, пазбавіцца ўражання, што ўся гэтая дыскусія адарваная ад рэчаіснасці. Ва ўсялякім разе, наўрад ці Лукашэнка будзе схільны дамаўляцца з эміграцыямі. Легітымнасць Лукашэнкі як нацыянальнага лідэра захавалася збольшага таму, што ў Беларусі рэкету і алігархіі было значна менш, чым у Расеі і Украіне. Нягледзячы на тое, што Беларусь з’яўляецца ахвярай свайго геаграфічнага становішча побач з Расеяй, варта разглядаць Беларусь асобна ад Расеі», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
Прэзідэнт Фінляндыі Нііністэ прыбыў з візітам у Анкару. Там ён сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Эрдаганам. Чакаецца, што апошні абвесціць пра тое, што на шляху ратыфікацыі ўступлення Фінляндыі ў НАТА больш не засталося ніякіх перашкод. У чацвер у Анкары пабываў з візітам прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, урад якога дагэтуль усяляк зацягваў ратыфікацыю. «Калі Фінляндыя і Швецыя не змогуць уступіць у НАТА адначасова, то для альянсу гэта будзе азначаць скандал», – піша шведская газета Dagens Nyheter.
«Тое, што нашыя краіны павінны ісці разам – гэта не высмактанае з пальца сцвярджэнне, якое па сваім меркаванні можа адмяніць прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, а факт, як у плане геаграфіі, так і ў плане палітыкі бяспекі. Несумленнасць Эрдагана, як, зрэшты, і несумленнасць Віктара Орбана – гэта скандал, не менш. І гаворка тут ідзе не аб падрыве сумеснай бяспекі краін НАТА, а аб так званай палітыцы адчыненых дзвярэй альянсу. Сваёй блакадай працэсу ўступлення турэцкі і венгерскі лідары таксама патураюць пуцінскаму ўяўленню аб парадку бяспекі, у якім у малых краін няма права прымаць рашэнні. Падобнае НАТА доўга трываць не можа», – папярэджвае шведскае выданне.
14 траўня ў Турцыі павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Судзячы па дадзеных апытанняў, у гонцы лідзіруе апазіцыйны Народны альянс, які згуртаваўся вакол старшыні Рэспубліканскай народнай партыі Кылычдараглу . Альянс нашмат апярэджвае перадвыбарчы блок прэзідэнта Эрдагана і Партыі справядлівасці і развіцця, якую ён узначальвае. У цяперашні час ПСР вядзе перамовы з партыяй Hüdapar, звязанай з Хезбалай, і ісламісцкай партыяй Yenid Refah Partisi – у спробах пашырэння альянсу. А апазіцыянер Кылычдараглу, у сваю чаргу, падлашчваецца да кансерватыўных выбаршчыкаў. Устрывожаныя аглядальнікі знаходзяць сумнеўнымі як дзеянні апазіцыі, так і метады кіруючай партыі. «У абмен на сваю падтрымку партыя Yeniden Refah Partisi патрабуе адмены закону аб абароне жанчын і сем’яў ад гвалту. Гэта азначае, што дзеля пары-тройкі галасоў кіруючая ПСР гатова адмовіцца ад правоў жанчын», – такімі асцярогамі дзеліцца турэцкае выданне Yetkin Report.
«Ясна, што напады на гендэрную роўнасць з боку пэўных ісламісцкіх груп праз звязаныя з імі СМІ і палітычныя сілы ў апошнія гады набралі абарот – і ўзмацніліся карэнным чынам. Няўжо адукаваныя жанчыны з шэрагаў ПСР гэтак сляпыя і не бачаць, што яны згубяць апошнія, яшчэ наяўныя ў іх на руках, дасягненні, калі звядуць правы жанчын да нашэння хіджаба? Няўжо яны не бачаць, як жменька гандляроў верай і рэлігіяй занявольвае дэмакратычную палітыку за рахунак вымагальніцтва галасоў? Ці яны мяркуюць, што патрыярхат і менталітэт талібаў, убраных у касцюмы і гальштукі, не такія небяспечныя?», – задае нязручнае пытанне турэцкае выданне.
Французскі ўрад прыняў-такі спрэчную пенсійную рэформу, проста выдаўшы ўказ, і нават не заручыўшыся згодай парламента. Галасаванне ў Нацыянальным сходзе было адменена ў апошні момант, пасля таго як стала зразумела, што галоўны праект прэзідэнцтва Макрона наўрад ці набярэ большасць галасоў. Цяпер краіну, відаць, чакаюць новыя масавыя пратэсты. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, ці было рашэнне ўладаў правільным. На думку нямецкай газеты Der Tagesspiegel, Макрон вядзе краіну да палітычнай катастрофы.
«Гэтая рэформа масава адхіляецца насельніцтвам як антысацыяльная: ужо некалькі тыдняў не спыняюцца масавыя дэманстрацыі і забастоўкі, а прафсаюзы яшчэ ніколі не выступалі настолькі згуртавана. А цяпер да ўсяго іншага ўлады маюць намер яшчэ і правесці гэты супярэчлівы і ненавісны закон у абыход парламента: проста таму, што не могуць разлічваць у ім на большасць? Падобныя манеўры моцна падарвуць давер французаў да дэмакратыі і яе інстытутаў. Марын Ле Пэн і яе ўльтраправая партыя могуць радасна паціраць рукі», – прагназуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Агляд прэсы: быць напагатове pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.