Сабаленка прайграла ў фінале турніру WTA у Індыян-Уэлсе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 8 мільёнаў 800 тысяч даляраў.
Artykuł Сабаленка прайграла ў фінале турніру WTA у Індыян-Уэлсе pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 8 мільёнаў 800 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку другая ракетка планеты саступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай, якая займае 10-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:7 (11:13), 4:6.
Сабаленка 20-ы раз гуляла ў фінале турніраў пад эгідай WTА, у 12 з якіх яна перамагала.
Шаранговіч зрабіў асіст у пераможным матчы „Нью-Джэрсі”
Беларускі цэнтрфорвард Ягор Шаранговіч дапамог свайму „Нью-Джэрсі” ўзяць верх над „Тампай” у паядынку рэгулярнага сезона НХЛ — 5:2. Ён паўдзельнічаў у чацвёртым узяцці брамкі суперніка, аддаўшы галявую перадачу. Шаранговіч выходзіў на лёд у чацвёртым звяне. У яго 13 хвілін 46 секунд гульнявога часу, 2 нанесеныя кідкі і 1 заблакаваны, 1 перахоп, а таксама паказчык карыснасці „+1”.
„Вашынгтон” гасцяваў у „Мінесоты”. Гаспадары дастаткова ўпэўнена перамаглі з лікам 5:3. Ім не перашкодзіў гэта зрабіць беларускі форвард Аляксей Протас, які выходзіў на лёд у складзе „Кэпіталз”.
У беларускага нападніка 13 хвілін 35 секунд гульнявога часу, 1 сілавы прыём, 2 страты шайбы і паказчык карыснасці „-3”.
„Энергетык-БДУ” выйграў у футбалістаў „Слуцка”
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі завяршылася праграма першага тура.
Уладальнік срэбраных медалёў мінулага першынства сталічны „Энергетык-БДУ” адолеў на сваім полі футбалістаў „Слуцка” з мінімальнай перавагай у ліку – 1:0. Адзіны гол у гэтай гульні забіў Ілля Грышчанка, які вызначыўся на 33-й хвіліне гульні.
У іншым матчы футбалісты „Смаргоні” ў Астраўцы з такім жа лікам – 1:0 – узялі верх над бабруйскай „Белшынай”. Незадоўга да заканчэння сустрэчы гол з далёкай адлегласці са штрафнога забіў Мацвей Дукса.
Менскае „Дынама” разграміла футбалістаў „Іслачы” з лікам 3:0. У пачатку гульні вызначыўся бразільскі легіянер Арыньё, а пасля перапынку яго пачын падтрымалі Уладзімір Хвашчынскі і Уладзіслаў Марозаў. У Берасці жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” было мацней за мясцовых дынамаўцаў – 1:0. Пераможны мяч на 58-й хвіліне сустрэчы забіў Яўген Шаўчэнка, які рэалізаваў пенальці. У гэтай гульні было зафіксавана першае выдаленне ў новым чэмпіянаце – адразу пасля заканчэння першага тайма прамую чырвоную картку атрымаў паўабаронца берасцейцаў Эдгар Аляхновіч.
Вынікі іншых матчаў: „Шахцёр” перамог „Нафтан” – 2:1, „Гомель” саступіў БАТЭ – 0:2, а „Менск” з такім жа лікам абыграў мазырскую „Славію” – 2:0.
Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” стартавы тур прапускалі.
ВРЗ перамог „Менск” у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Лідар чэмпіянату Беларусі па міні-футболе гомельскі ВРЗ святкаваў 11-ю перамогу. У хатнім матчы 17-га тура гамяльчане ўпэўнена перайгралі ФК „Менск” з сухім лікам 4:0. Яшчэ адзін фаварыт аршанскі „Вітэн” выйграваў у „Барысава-900” 2:0, але не змог утрымаць перамогу, завяршыўшы паядынак унічыю – 2:2.
„Барселона” вырвала перамогу ў матчы з „Рэалам”
У іспанскім эль-класіка ў рамках 26-га тура іспанскай Ла Лігі „Барселона” вырвала перамогу ў мадрыдскага „Рэала”- 2:1. Госці выйшлі наперад на дзявятай хвіліне сустрэчы ў выніку кур’ёзнага аўтагола цэнтральнага абаронцы каталонцаў Рональда Арауха. У канцоўцы першай паловы сіне-гранатавыя зраўнялі лік дзякуючы голу Серхі Раберта.
На 81-й хвіліне «сметанковыя» зноў выйшлі наперад — вызначыўся Марка Асэнсіа. Але пасля праверкі паўтору было прынятае рашэнне адмяніць забіты мяч з-за афсайда. На 2-й даданай хвіліне матчу хаўбек гаспадароў Франк Кесье з перадачы Алекса Бальдэ забіў гол і прынёс сваёй камандзе перамогу.
Каталонцы набралі 68 ачкоў і адарваліся ад „Рэала” ў табліцы на 12 ачкоў.
„Арсенал” на хатняй арэне разграміў „Крыстал Пэлас” у матчы 28-га тура чэмпіянату Англіі — 4:1. Лонданцы лідыруюць у турнірнай табліцы, апярэджваючы „Манчэстэр Сіці”, які правёў на гульню менш, на восем ачкоў.
У Мілане прайшоў матч 27-га тура чэмпіянату Італіі, у якім „Інтэр” прайграў турынскаму „Ювентусу” 0:1.
Перамогу «Ювентусу» сваім дакладным ударам на 23-й хвіліне прынёс паўабаронца Філіп Косціч.
„Ювентус” набраў 41 ачко і замацаваўся на сёмым радку турнірнай табліцы чэмпіянату Італіі.
Бо выйграў заключную гонку сезона
Ёханэс Бо упэўнена перамог ў масстарце на 15 км на 9-м этапе Кубка свету ў Хольменколене. Нарвежац фінішаваў першым, нягледзячы на два штрафныя кругі.
Другім прыйшоў швейцарац Ніклас Хартвег з адставаннем 26 секунд. Трэцяе месца заняў суайчыннік Бо Ветле Крысціянсэн.
Шведская біятланістка Ханна Эберг першынствавала ў жаночым мас-старце. Другое месца заняла нарвежка Марце Олсбю-Ройселан – з адставаннем 22 секунды. Трэцяе месца за сабой пакінула францужанка Анаіс Шэвалье-Бушэ.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Сабаленка прайграла ў фінале турніру WTA у Індыян-Уэлсе pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.