Арына Сабаленка засталася на другім месцы ў рэйтынгу WTA
Беларуска Арына Сабаленка засталася на другім месцы ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Пасля выхаду ў фінал прэстыжнага турніру ў амерыканскім Індыян-Уэлсе найлепшая беларуская тэнісістка мае ў сваім актыве 6740 ачкоў. Алена Рыбакіна, якая перамагла Сабаленку ў вырашальным матчы, узнялася на 7-е месца. Экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 16-й пазіцыі. Аляксандра Сасновіч займае 45-е месца. Узначальвае рэйтынг па-ранейшаму полька Іга Свёнтэк. Рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) узначальвае іспанец Карлас Алькарас. Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ілля Івашка займае 80-е месца.
Джуніёр Эфаге афіцыйна стаў гульцом „Гомеля”
Нападнік Джуніёр Эфаге стаў гульцом „Гомеля”. Пагадненне з 18-гадовым футбалістам разлічана да канца сезона з опцыяй падаўжэння яшчэ на год. Пра гэта паведамляе прэс – служба. Папярэднім клубам Джуніёра быў малдаўскі „Дынама-Аўта”, у якім ён за 14 матчаў забіў 3 мячы і аддаў адну галявую перадачу. У кастрычніку мінулага года футбаліст атрымаў выклік у маладзёжную зборную Габона да 23 гадоў. У „Гомелі” Джуніёр будзе выступаць пад 18 нумарам.
Кварацхелія стаў першым з 2006/07 футбалістам, які набраў 10+10 па сістэме гол+пас у дэбютным сезоне ў топ-5 лізе
Нападнік «Напалі» Хвіча Кварацхелія аформіў гол+пас у выйграным матчы з «Тарына» 4:0 у 27-м туры Серыі А. Цяпер ён мае ў актыве 12 галоў і 10 асістаў у сезоне Серыі А. Ён стаў першым футбалістам з 2006/07 года, якому ўдалося ў дэбютным сезоне аформіць 10+10 па сістэме гол+пас у адной з топ-5 ліг. Тады гэта ўдалося Дыега, які меў 13 мячоў і 13 галявых у першым сезоне ў „Вердэры”.
Беларуска Юлія Апанасавіч выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету па боксе
У сталіцы Індыі Нью-Дэлі працягваецца 13-ты чэмпіянат свету па боксу сярод жанчын з удзелам беларускіх спартовак. У ранішняй сесіі пятага дня спаборніцтваў свой другі паядынак на турніры правяла беларуска Юлія Апанасовіч, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 52 кг. На стадыі адной восьмай фіналу беларуска перамагла прадстаўніцу Узбекістана Ферузу Казакову. Далей яе чакае чвэрцьфінал, які пройдзе 22 сакавіка: суперніцай Апанасовіч стане Кэтрын Стэрлінг з Гаіці.
Напярэдадні барацьбу за медалі чэмпіянату свету завяршылі беларускі Арына Данільчык і Яна Бурым.
Алонса вярнулі подыўм на Гран-пры Саудаўскай Аравіі
Сцюарды «Формулы-1» адмянілі 10-секундны штраф пілота «Астан Марцін» Фернанда Алонса на Гран-пры Саудаўскай Аравіі. Іспанцу дадалі 10 секунд за няправільнае адбыванне першага штрафу – на старце Алонса пакаралі за няправільнае размяшчэнне.
З-за 10-секунднага штрафу Алонса апусціўся з трэцяга месца на чацвёртае, аддаўшы подыўм пілоту «Мэрсэдэса» Джорджу Расэлу. «Астан Марцін» заявілі пра намер абскардзіць рашэнне сцюардаў.
Каманда даказала, што дотык дамкрата не падпадае пад «працу супрацоўніка з машынай». Гэты подыўм стаў для 41-гадовага гоншчыка 100-м у кар’еры. Гэта другі запар подыўм для Алонса ў гэтым сезоне і ў складзе каманды «Астан Марцін» – на Гран-пры Бахрэйна ён таксама быў трэцім.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Арына Сабаленка засталася на другім месцы ў рэйтынгу WTA pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.