Аляксандр Ждановіч: Паўсюль вельмі цёплы прыём
Беларускі акцёр і Госць Рацыі, таксама вядомы як Маляваныч, завяршыў тур па Польшчы.
Artykuł Аляксандр Ждановіч: Паўсюль вельмі цёплы прыём pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
Беларускі акцёр Аляксандр Ждановіч – таксама вядомы як Маляваныч – завяршыў тур па Польшчы. Падчас яго артыст, які цяпер жыве ў Грузіі, паспеў парадаваць сваімі выступамі як дзіцячую аўдыторыю, так і дарослую.
Чым запомніліся канцэрты творцу, як змянілася публіка пасля 2020-га году і над якімі яшчэ праектамі акцёр працуе цяпер, сённяшні Госць Рацыі артыст Аляксандр Ждановіч распавёў нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай.
РР: Вельмі шмат імпрэзаў вы паспелі зладзіць. І ўсё ж такі, які гэта паслясмак Польшчы?
Аляксандр Ждановіч: Добры паслясмак. Гэта было 5 гарадоў, 9 канцэртаў, выступаў. У мяне, канешне, такі фармат – не стадыён, і невялікая колькасць гледачоў. Больш усё ж такі камерны. Велізарная колькасць самых пазітыўных уражанняў. Мне ёсць што параўноўваць. Куды б я не прыязджаў, ці Варшава, ці Кракаў, ці Уроцлаў, ці Познань, – паўсюль вельмі цёплы прыём. У мяне пыталіся: дзе больш спадабалася? Вось, праўда, паўсюль, немагчыма нават параўнаць.
Мне здаецца, што сэрца Беларусі б’ецца ў гэтых гарадах, у грудзях гэтых людзей, якія прыходзяць паглядзець.
Я разумею, што прыходзяць паглядзець і я пачынаю з дарослымі, напрыклад, з таго, што “Вы прыйшлі, канешне, паглядзець не на мяне, на нейкага там артыста Ждановіча, а хутчэй за ўсё на “Маляваныча” і нават не на “Маляваныча”, а проста дакрануцца, вярнуцца ў самую лепшую часіну свайго жыцця, дзяцінства. Але прыйдзецца пацярпець”. І я чытаў ім вершы, так як кампазіцыя склалася – вось яны, а вось мы – па назве верша Альгерда Бахарэвіча. Паказваў батлейку з такімі хуліганскімі дабаўленнямі, у якіх гледачы ў старажытным сюжэце пра цара Ірада пазнавалі нейкія сённяшнія рэаліі.
А з дзеткамі – таксама батлейка, нейкія гульні, загадкі і такі маленькі настольны спектакль “Пэпі Доўгая панчоха”.
РР: Больш за тое, вы нават чыталі свой верш на гэтых сустрэчах.
Аляксандр Ждановіч: Так, я чытаў свой верш, нахабна карыстаючыся той магчымасцю, што людзі паслухаюць. І проста, мне здаецца, што чытаць вершы і слухаць вершы – гэта карысна ўвогуле для здароўя. Мне здаецца, што вельмі важна ў такія няпростыя часы знаходзіць нейкія пазітыўныя моманты. А вось сканцэнтраваная сутнасць народа, нацыі, калі добрыя паэты і добрыя вершы.
РР: Пра тое, як напісалі гэты верш, распавядзіце, калі ласка.
Аляксандр Ждановіч: Гэта такі юнацкі верш. Мне здаецца, што няма такога юнака ці дзяўчыны, якія б там у 16 ці 18 гадоў не пісалі б вершы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Аляксандр Ждановіч: Паўсюль вельмі цёплы прыём pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.